Site icon Врачи за правду и справедливость!

Запрашаем на праваабарончую канферэнцыю

Установа «Лекары за праўду і справядлівасць» 20 лютага 2024 года з 10.00 да 14.20 у памяшканні Цэнтра беларускай культуры і супольнасці ў Вільні (Vilnius g., 20) ладзіць канферэнцыю «Пакаранне ў зняволенні: інструмент выпраўлення ці знявагі? Міжнароднае і нацыянальнае права і практыка».

Ледзь не кожны дзень паступае інфармацыя аб жорсткіх умовах, у якіх утрымліваюцца вязні ў следчых ізалятарах або зняволеныя ў калоніях. Аднак у месцах зняволення ёсць свайго роду «турмы ў турме» – гаворка ідзе пра штрафныя ізалятары (ШІЗА), карцэры, памяшканні камернага тыпу (ПКТ). Рэдка які палітвязень не мае асабістага досьведу адбывання дадатковага пакарання ў гэтых памяшканнях.

Праваабаронцы адзначаюць, што беларускае заканадаўства і падзаконныя нарматыўныя акты змяшчаюць шэраг палажэнняў, якія ўзаконьваюць такія умовы ўтрымання ў ШІЗА, што іх магчыма расцэньваць як жорсткія, бесчалавечныя, якія зневажаюць чалавечую годнасць. Напрыклад, у ШІЗА не выдаецца пасцельная бялізна, забаронена мець пры сабе прадукты харчавання або набываць іх, не дазваляецца перапіска. Але ёсць нямала паведамленняў і пра наўмыснае стварэнне жорсткіх, бесчалавечных умоў і нават катаванні ў дачыненні да палітвязняў пры адбыванні імі пакарання ў ШІЗА.

Праваабарончая ўстанова «Лекары за праўду і справядлівасць» арганізавала экспертнае даследаванне праблемы захавання правоў зняволеных пры змяшчэнні іх у штрафныя ізалятары (карцэры, ПКТ) і прадставіць вынікі на канферэнцыі 20 лютага 2024 года. Акрамя прэзентацый экспертаў, прадугледжваецца калектыўнае абмеркаванне праблемы, а таксама магчымасцяў і спосабаў яе вырашэння на сучасным этапе.

Запрашаем зацікаўленых прыняць удзел у канферэнцыі. Уваход вольны, аднак для стварэння спрыяльных умоў для ўдзельнікаў просім папярэдне зарэгістравацца. Для рэгістрацыі запоўніце, калі ласка, простую форму, перайшоўшы па спасылцы:
https://docs.google.com/forms/d/e/1FAIpQLSfT1eNKcQJORlBRV5mDdV9jAffudbTZL4dMn-sc7ECjdQfrhQ/viewform

Exit mobile version