Падстава была ўвогуле надуманая. Як змяшчаюць і ўтрымліваюць у ШІЗА

Праграміста Анатоля Хіневіча з Барысава падчас адбыцця пакарання ў ПК №3 некалькі разоў змяшчалі ў ШІЗА. Нагоды для змяшчэння ў ізалятар былі фармальныя. Падчас першага ўтрымання ў верасні 2021 яму забаранілі ўзяць акуляры, але ў выніку скаргаў начальнік калоніі дазволіў Анатолю насіць акуляры. Мужчына здзіўлены чаму гэтым займаўся не медычны працоўнік.

«Першы раз мяне калі ў ШІЗА пасадзілі гэта быў верасень 2021 г. Там медычны агляд не праводзіўся, а падстава была ўвогуле нейкая надуманая, нібыта я з нейкім супрацоўнікам не ўстаў і не павітаўся. Ну, парушыў працэдуру нейкую. На што я казаў, увогуле такога не было, але мяне ўсё ж змясцілі ў ШІЗА. Тады я наконт акуляраў змагаўся, дайшло нават да ўзроўня начальніка калоніі гэтая справа. Калі мяне садзілі ўжо ў ШІЗА ў калоніі, у мяне забіраюць акуляры, нібыта нельга. Але як па правілах, дазвол на гэтыя акуляры можа выпісаць медычная частка. Яны не выпісваюць, кажуць, што нет, нельга. Я тады звяртаюся ўжо да начальніка калоніі і ён дазваляе мне насіць акуляры, знаходзячыся ў ШІЗА, а не медычны працоўнік. Увогуле тут субардынацыя не працуе, людзі займаюцца не тым, чым павінны займацца», – распавядае Анатоль Хіневіч.

Калі Анатоль ўжо знаходзіўся ў штрафным ізалятары, гэты тэрмін падоўжылі яшчэ.

«І калі да мяне прыйшоў начальнік атрада майго з гэтай “прадлёнкай”, я сказаў дайце паперу, я буду заяву пісаць. Напісаў заяву на імя начальніка калоніі, што патрабую перавесці мяне ў іншую калонію ўвогуле, што да мяне перадузятае стаўленне, што мяне правакуюць. Пасля гэтага мяне ўсё ж з ШІЗА выпусцілі, але наўздагон яшчэ два парушэнні ўляпілі, не звязаныя з ШІЗА», – кажа Хіневіч.

Наступны раз у ШІЗА малады чалавек трапіў у снежні 2021 года. Тады ў дачыненні да яго праводзіўся медычны агляд.

«Было пытанне, ці маецца ў мяне кепскае становішча, мерылі мой ціск, тэмпературу. Ціск нармальны, тэмпература ў норме, так дазволілі ў ШІЗА садзіць», – распавядае Анатоль Хіневіч.

Пасля ў ШІЗА мужчыну пасадзілі перад самым выхадам, у лютым 2023 года. Апошнія два тыдні ён правёў у штрафным ізалятары, калі ўжо вызваляўся з калоніі. Тады медычны агляд не праводзіўся, а падстава на змяшчэнне ў ізалятар была фармальная – анатоль знаходзіўся ў неўсталяваны час на ложку.

«Хаця гэта было ўжо за 20 хвілін да адбою і па распарадку дня ў нас была падрыхтоўка да сну. Тады проста загадзя ў студзені 2023 была аблава на ўсіх людзей, хто мае жоўтыя біркі. Туды ўваходзяць людзі, якія стаяць на прафуліку па “экстрэмізму”, то бок звязаныя з пратэстнымі справамі. Там усім выпісвалі гэтыя парушэнні. Я па выніках гэтага парушэння зладзіў акт нейкага непадпарадкавання, маўляў, што я ў знак супраціву пішу скаргу на супрацоўніка (які выпісаў гэтае пакаранне), адмаўляюся галіцца і г.д. То бок мяне пасадзілі на 7 ці 8 дзён, пасля падоўжылі. Але аб’ектыўных падставаў не было, каб падоўжыць, таму проста выпісалі нейкае парушэнне. Калі ты ўжо знаходзішся ў ШІЗА, там падставы і не патрэбны, яны (супрацоўнікі, – заў.) проста пішуць нейкі рапарт. Так да бясконца можна сядзець у гэтым ШІЗА, пакуль яны не дамогуцца твайго падпарадкавання. У выніку я сказаў, мне ўсё роўна, я вызваляюся, падаўжайце», – падзяліўся сваім досведам Анатоль Хіневіч.

Contact us

Fill in the form below or give us a call and we'll contact you. We endeavour to answer all enquiries within 24 hours on business days.