Паведамляецца, што 28 снежня падпісаны ўказ аб памілаванні 20 палітвязняў, сярод якіх 11 жанчын. Гэта ўжо восьмае памілаванне за 2024 год. А колькі жанчын было памілавана ў 2024 годзе?
Першае паведамленне аб памілаванні з’явілася 13 сакавіка. Тады у спіс трапіла 15 зняволеных, сярод якіх 9 жанчын. Пасля вялікага перапынку 16 жніўня з’явілася інфармацыя аб 30 памілаваных, сярод якіх 14 жанчын. Тады паведамлялася, што гаворка ішла ў тым ліку аб людзях пенсійнага ўзросту і тых, хто мае сур’ёзныя захворванні.
У чарговым памілаванні 4 верасня было 30 палітзняволеных, 7 з якіх – жанчыны. 16 верасня паведамлялася пра памілаванне найбуйнейшай колькасці палітзняволеных – 37 чалавек, сярод якіх было 6 жанчын.
На пяты раз 7 лістапада ў спіс памілаваных патрапіў 31 палітвязень, у іх ліку было толькі 2 жанчыны. 20 лістапада адбылося памілаванне 32 чалавек, асуджаных па палітычных атрыкулах. Сярод іх было 8 жанчын.
У снежні мы двойчы даведаліся пра памілаванні – 9 і 28 снежня. На сёмы раз было памілавана 29 палітзняволеных, 11 з якіх – жанчыны. У чарговым указе аб памілаванні ад 28 снежня – 20 палітвязняў. Як і ў папярэдні раз, у спіс трапіла 11 жанчын.
На 28 снежня афіцыйна ў Беларусі прызнаныя палітзняволенымі 1265 чалавек, з іх 168 жанчын (то бок 13 адсоткаў). За 2024 год ў Беларусі паведамлялася пра 224 памілаваных, з якіх 68 – жанчыны. Такім чынам, колькасць жанчын складае 30% ад усей колькасці памілаваных. Можна было б лічыць, што прапорцыя неблагая – гаворка ж ідзе пра жыццё людзей. Вось толькі памятайма, мы разважаем аб палітычных вязнях, якіх не павінна быць у прынцыпе. А па-другое, калі б на месца вызваленых не “набіралі” новых.
Гэты інфармацыйны матэрыял створаны пры падтрымцы Belarus Beehive і Еўрапейскага Саюза.