Колькі жанчын з праблемамі са здароўем знаходзяцца ў зняволенні?

У беларускіх турмах палітзняволеныя жанчыны сутыкаюцца з жудаснымі ўмовамі ўтрымання і ціскам з боку адміністрацыі. Шмат хто з іх трапляе пад катаванні, утрымваецца ў перапоўненых і халодных камерах, пазбаўлены доступу да неабходнай медычнай дапамогі і сродкаў гігіены. За дробныя парушэнні іх змяшчаюць у штрафныя ізалятары (ШІЗА), дзе ўмовы яшчэ больш суворыя.

На сённяшні момант праваабаронцам вядома, што за кратамі знаходзяцца 168 палітзняволеных жанчын, мінімум 19 з іх маюць сур’ёзныя праблемы са здароўем. Сярод іх:

Ірына Слаўнікава – журналістка, была затрымана ў мінскім аэрапорце, калі з мужам вярталася з адпачынку. 3 жніўня 2022 года ў гомельскім абласным судзе яе асудзілі на 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Утрымліваецца ў ПК №4. Вядома, што палітзняволеная журналістка шмат працуе ў швейным цэху гомельскай калоніі, праз што ў яе моцна пагоршыўся зрок.

Марфа Рабкова – каардынатарка Валанцёрскай службы “Вясны”, праваабаронца. 6 верасня 2022 года Марфе прысудзілі 15 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў). 28 лютага 2023 года ў Вярхоўным судзе ў закрытым рэжыме адбыўся разгляд апеляцыйных скаргаў. Пасля гэтага канчатковы тэрмін зняволення Марфы склаў 14 гадоў і 9 месяцаў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Вядома, што ў СІЗА палітзняволеная некалькі разоў перахварэла на Covid-19, гэта, у тым ліку, паўплывала і на запаленчыя працэсы. Так, дзяўчына даўно мае праблемы з лімфавузламі і шчытападобнай залозай. Акрамя гэтага, у Марфы даўно выявілі вадкасць у малым тазе, таму ёй трэба зрабіць гінекалагічную дыягностыку і прызначыць неабходнае лячэнне. У сярэдзіне сакавіка 2023 года палітзняволеную этапавалі ў гомельскую ПК № 4.

Ірына Алябовіч – была затрымана 1 красавіка 2022 года. 27 чэрвеня 2022 у судзе цэнтральнага раёна Мінска суддзя Дзмітрый Карсюк прызнаў Ірыну вінаватай паводле трох артыкулаў КК – 364 (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў), 368 (абраза прэзідэнта), 369 (абраза прадстаўніка ўлады). Жанчыну асудзілі да трох гадоў зняволення ў калоніі агульнага рэжыму. Таксама палітзняволеная атрымала штраф у памеры 200 базавых велічыняў. Вядома, што жанчына мае праблемы з ціскам і цукровы дыябет. У траўні 2024 года стала вядома, што Ірына зламала шыйку сцягна ў калоніі, яшчэ ў 2022. Палітзняволеная больш за год правяла ў санчастцы. Косткі зрасліся няправільна, яна доўга чакала якаснай дапамогі і пратэза. Ірыне не выдавалі нават хадункі, негледзячы на тое, што яны былі ў калоніі. Дзякуючы сваякам жанчыны, праблема вырашылася і цяпер жанчына пераведзена ў звычайны атрад і мае хадункі. Ірына Мельхер – індывідуальная прадпрымальніца і пенсіянерка, затрыманая разам з сынам Антонам Мельхерам. 17 кастрычніка 2022 года суддзя гродзенскага абласнога суда Максім Філатаў прызначыў Ірыне Мельхер 17 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і 700 базавых велічыняў штрафу (22 400 рублёў). Абедзве камеры, у якіх знаходзіліся Ірына і Антон, у поўным складзе перанеслі Covid-19. Палітзняволеная ў СІЗА КДБ амаль не спала, перанесла гіпертанічны крыз, яе самаадчуванне кожны дзень рабілася ўсё горшым. 15 траўня 2023 года Ірына Мельхер была этапавана ў жаночую ПК № 4 для адбыцця пакарання.

Варта падкрэсліць, турэмная сістэма Беларусі не забяспечвае адэкватнай медычнай дапамогі, што вядзе да пагаршэння здароўя шмат якіх зняволеных жанчын, асабліва тых, у каго былі хранічныя захворванні. Дакладныя дадзеныя пра колькасць жанчын, маючых праблемы са здароўем, застаюцца недаступнымі праз закрытасць пенітэнцыярнай сістэмы.

Гэты інфармацыйны матэрыял створаны пры падтрымцы Belarus Beehive і Еўрапейскага Саюза.

Contact us

Fill in the form below or give us a call and we'll contact you. We endeavour to answer all enquiries within 24 hours on business days.