Site icon Врачи за правду и справедливость!

За што жанчыны ў Беларусі атрымлівалі прысуды па “непалітычных” артыкулах у 2024 годзе?

У 2024 годзе ў Беларусі назіралася значнае павелічэнне колькасці жанчын, якія падвергліся крымінальнаму пераследу па палітычна матываваных абвінавачаннях. Паводле дадзеных Праваабарончага цэнтра «Вясна», з больш, чым 1 700 чалавек, асуджаных па такіх справах, 480 – жанчыны. Акрамя пералічаных у мінулай публікацыі артыкулаў, былі і «непалітычныя» судовыя прысуды. Напрыклад, жанчын асуджалі за бытавыя крымінальныя справы.

Артыкул 205: «Крадзеж».

У лістападзе 2024 паводле ч. 1 арт. 205 КК (таемнае выкраданне маёмасці) быў вынесены прысуд 56-гадовай раней не асуджанай жыхарцы сталіцы. Паводле дзяржаўнага медыя, у дзённы час жанчына знаходзілася на прыпынку грамадскага транспарту «вул. Кузьмы Мініна», дзе ўбачыла забытую жаночую сумачку. Пераканаўшыся, што паблізу нікога няма, мінчанка забрала яе. Там ляжалі дакументы, лекі, ключы і кашалёк. Абвінавачаная забрала 70 рублёў, а ўсё іншае выкінула. Выкрадзеныя грошы яна выдаткавала на асабістыя патрэбы. 

Гараджанка, якая забылася сумку, звярнулася ў міліцыю, ацаніўшы прычыненую ёй шкоду на агульную суму ў 116,22 руб. Жанчыну, якая забрала сумку, знайшлі па запісах камер відэаназіранні, у дачыненні да яе ўзбудзілі крымінальную справу за крадзеж. Віну яна цалкам прызнала, ва ўчыненым пакаялася, прычыненую пацярпелай шкоду дабраахвотна пакрыла. Суд прызнаў жанчыну вінаватай у таемным выкраданні маёмасці (крадзяжу) і на падставе ч. 1 арт. 205 КК Рэспублікі Беларусь прызначыў пакаранне ў выглядзе аднаго месяца арышту.

Артыкул 147: «Наўмыснае прычыненне цяжкага пашкоджання».

У лютым 2024 года суд вынес прысуд 65-гадовай гараджанцы, якую абвінавацілі па ч. 1 арт. 147 КК у наўмысным прычыненні цяжкага пашкоджання. Паводле судовай справы, абвінавачаная з дачкой знаходзілася дома па месцы жыхарства, абедзве былі ў стане алкагольнага ап’янення. Раптам маладая жанчына, якая пакутуе псіхічным разладам, забегла на кухню, узяла са стала кухонную дошку і стукнула маці па галаве. Пенсіянерка ў адказ схапіла нож і не меней 11 разоў ударыла ім дачку, патрапіўшы ў тым ліку і ў твар. Жанчына віну прызнала, ва ўчыненым пакаялася. Вядома, што пенсіянерка раней да крымінальнай адказнасці не прыцягвалася. Суд прызначыў ёй пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу на пяць гадоў. Таксама абвінавачаная павінна прайсці прымусовае лячэнне ад хранічнага алкагалізму і выплаціць пацярпелай 2 000 рублёў маральнай шкоды.

У снежні 2024 года паводле ч. 1 арт. 147 КК была асуджана жыхарка Лунінца. Яе абвінавацілі ў тым, што яна падчас сваркі са сваім сужыцелем ударыла апошняга нажом. Абодва знаходзіліся ў нецвярозым стане. Жанчыне прысудзілі пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 4 гады.

Артыкул 243: «Ухіленне ад выплаты падаткаў, збораў». Артыкул 243-1: «Ухіленне ад выканання абавязкаў падатковага агента па пераліку падаткаў, збораў».

У лютым 2024 года паводле ч. 2 арт. 243 і ч. 2 арт. 243-1 былі асуджаны грамадзянкі Г. і К. Дырэктарку (грамадзянка Г.) і галоўную бухгалтарку (грамадзянка К.) абвінавацілі ў падробцы падатковых дэкларацый, ўтойванні падатковай базы на падатак на дабаўленую вартасць і ўхіленні ад падаткаў з 2021 да 2022 г. на агульную суму 465 563,41 рубля, а таксама ва ўхіленні ад выканання абавязкаў падатковага агента па пераліку падаткаў на агульную суму 94 243,62 рубля. Абедзве грамадзянкі віну не прызналі.

Галоўную бухгалтарку паводле ч. 2 арт. 243 і ч. 2 арт. 243-1 асудзілі на 3 гады абмежавання волі і прызначылі штраф у памеры 400 базавых велічынь (16 000 рублёў). Дырэктарку паводле тых жа артыкулаў асудзілі на 2 гады абмежавання волі і прызначылі штраф у памеры 350 базавых велічынь (14 000 рублёў). Абедзьвух пазбавілі займаць пасады, звязаныя з ажыцяўленнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, на тэрмін да 5 гадоў.

Артыкул 343: «Выраб і распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў ці прадметаў парнаграфічнага характару». 

У чэрвені 2024 года паводле ч. 2 арт. 343 асудзілі 19-гадовую мінчанку. Яе абвінавацілі ў стварэнні двух Telegram-каналаў (публічнага і прыватнага), у якім дзяўчына размяшчала фотаздымкі жанчын. Каб патрапіць у прыватны канал, жадаючыя пералічвалі грошы на банкаўскую картку абвінавачанай, пасля чаго атрымлівалі спасылку. Вядома, што дзяўчына такім чынам зарабіла больш за 2 000 рублёў. Сваю віну 19-гадовая мінчанка прызнала цалкам. Ёй прысудзілі 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Паводле ч. 1 арт. 78 КК суд пастанавіў не прыводзіць асноўнае пакаранне ў выкананне, калі цягам гадовага выпрабавальнага тэрміну абвінавачаная не здзейсніць новага злачынства і будзе выконваць ускладзеныя на яе судом абавязкі. Дзяўчына ў вольны ад працы час павінна выконваць грамадска-карысныя працы ў аб’ёме 100 гадзін. Пры гэтым суд абавязаў мінчанку выплаціць у прыбытак дзяржавы кампенсацыю ў памеры 50 базавых велічынь (2 000 рублёў) і прыбытак, атрыманы злачынным шляхам. Акрамя гэтага, ў дзяўчыны канфіскавалі мабільны тэлефон, як сродак злачынства.

Дадзеныя паказваюць, што значная частка крымінальных спраў супраць жанчын у 2024 годзе была звязаная з іх грамадзянскай і палітычнай актыўнасцю – ў кантэксце рэпрэсій, якія працягваюцца супраць іншадумцаў у краіне.

Гэты інфармацыйны матэрыял створаны пры падтрымцы Belarus Beehive і Еўрапейскага Саюза.

Exit mobile version