У бягучым годзе адным з прыярытэтаў праваабарончай ўстановы «Лекары за праўду і справядлівасць» з’яўляецца даследванне тэмы фізічнага і псіхалагічнага здароўя жанчын, якія ўтрымліваюцца ў беларускіх турмах або адбылі тэрмін зняволення.
У сусветнай практыцы зусім няшмат даследванняў фізічнага здароўя і псіхалагічнага стану зняволеных жанчын, а асабліва – пасля вызвалення. Менавіта таму нашай мэтай з’яўляецца экспертнае паглыбленне ў тэму жаночага здароўя ў зняволенні і пасля яго.
Мы пачалі выконваць праграму «У турмы не жаночае аблічча».
Над вывучэннем тэмы пенітэнцыярнай медыцыны ды псіхалогіі для жанчын працуе група экспертаў, якія прадставяць вынікі сваіх даследванняў і рэкамендацыі ўжо ў чэрвені гэтага года.
Упершыню будзе праведзена даследванне ўзроўню ПСТР і дэпрэсіі ў жанчын пасля зняволення, а таксама зроблены параўнальны аналіз паміж беларускамі, якія засталіся ў краіне пасля вызвалення, і тымі, якія з’ехалі. Гэтае даследванне робіць псіхалагіня Вольга Вялічка.
Доктар Станіслаў Салавей працуе над вывучэннем тэмы рэпрадуктыўнага здароўя ў жаночых вязніцах Беларусі. Доктар Уладзімір Пікірэня вывучыць тэму аказання псіхіятрычнай дапамогі жанчынам у зняволенні. Праваабаронца Павел Сапелка працуе над тэмай «Жанчына ў беларускай турме. Правы зняволеных жанчын і беларускія рэаліі ў кантэксце правоў чалавека». У склад працоўнай групы ўваходзяць таксама эксперты, якія па зразумелых прычынах вырашылі захаваць ананімнасць.
Для гэтай працы вельмі важна правесці анкетаванне саміх жанчын, якія спазналі беларускую турму праз свой лёс. Анкетаванне дазволіць скласці больш дасканалую карціну становішча спраў з захаваннем жаночага здароўя ў беларускіх вязніцах, сістэматызаваць інфармацыю пра парушэнні правоў на здароўе у зняволеных жанчын, сумесна паразважаць над неабходнымі зменамі ў гэтай сферы і шляхамі іх дасягнення.
Апытанні цалкам ананімныя, не патрабуюць прадстаўлення аніякіх асабістых звестак, адказы будуць выкарыстоўвацца толькі ў абагуленым выглядзе.
Паважаныя журналісты, калегі – просім вас дапамагчы з распаўсюдам інфармацыі аб анкетаванні, каб ахапіць як мага больш рэспандэнтаў.
Мы просім былых зняволеных жанчын адказаць на пытанні трох невялікіх анкет. Адна з іх – пра здароўе падчас зняволення – агульная, дзве іншыя – пра псіхалагічны стан – асобныя для былых зняволеных, якія застаюцца ў Беларусі, і для тых, якія пакінулі краіну.
Анкеты для даследвання псіхалагічнага стану асобныя для жанчын, якія застаюцца ў Беларусі, і якія знаходзяцца за межамі краіны.
Для былых зняволеных, якія эмігравалі
Анкета для выяўлення ПТСР: https://forms.gle/KzKxg8pjXRPnjjQE9
Анкета для выяўлення ўзроўню дэпрэсіі: https://forms.gle/2mqSgPhrykjmtCr47
Даследванне здароўя падчас зняволення: https://forms.gle/wd8Graw1mm6thVbQA
Для былых зняволеных, якія знаходзяцца ў краіне
Анкета для выяўлення ПТСР: https://forms.gle/iw8DZb2c1k9gAFS29
Анкета для выяўлення ўзроўню дэпрэсіі: https://forms.gle/3x1pXeA8QMNjiyuX9
Даследванне здароўя падчас зняволення: https://forms.gle/wd8Graw1mm6thVbQA
Дзякуем за супрацу і да сустрэчы на канферэнцыі ў чэрвені!