На працягу дзесяцігоддзяў праблема жанчын, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, заставалася ў цені. Нават на міжнародным узроўні, як адзначае юрыст і праваабаронца Павел Сапелка, гэтай тэме надавалі недастаткова ўвагі. Ранейшыя міжнародныя стандарты абыходжання з зняволенымі, прынятыя яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагоддзя, фактычна абмяжоўваліся толькі згадваннем раздзельнага ўтрымання мужчын і жанчын.
«Пра тое, што жанчыны маюць патрэбу ў нейкай асаблівай падтрымцы, што яны асабліва ўразлівыя і ў сувязі з гэтым у іх ёсць асаблівыя патрэбы, пачалі гаварыць значна пазней. Першапачаткова гэта былі згадванні ў некаторых рэзалюцыях ААН. І зноў жа, паўтаруся, гэта былі менавіта згадванні, нейкага сістэмнага падыходу да патрэб жанчын у зняволенні, на жаль, не распрацоўвалася», – каментуе Павел Сапелка.
Толькі праз дзесяцігоддзі, у 2010 годзе, з’явіліся так званыя Бангкокскія правілы ААН, якія тычацца абыходжання з жанчынамі-зняволенымі. Гэта стала першым крокам комплекснага падыходу да вырашэння наспелых праблем жанчын за кратамі.
Беларускае заканадаўства, па словах эксперта, у нейкай ступені ўлічвае асаблівасці жанчын у зняволенні, але, на жаль, робіць гэта далёка не ў поўнай меры.
«На жаль, заканадаўцы ў Беларусі на сённяшні дзень далёкія ад сучасных тэндэнцый уліку гэтых абставін. Гэта вельмі яскрава паказала справаздача Беларусі ў Камітэце па ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын, а таксама вынік разгляду гэтай справаздачы», – падкрэслівае Павел Сапелка.
Чаму зараз так важна гаварыць пра гэта? Па-першае, таму, што жанчыны ў зняволенні маюць асаблівыя патрэбы, звязаныя з іх фізіялогіяй, псіхалогіяй і сацыяльнымі ролямі. Па-другое, ігнараванне гэтых патрэб можа прывесці да пагаршэння іх здароўя і становішча. І па-трэцяе, міжнародная супольнасць паступова прыходзіць да разумення неабходнасці больш гуманнага і справядлівага абыходжання з гэтай катэгорыяй зняволеных.
25 чэрвеня 2025 года мы – установа «Лекары за праўду і справядлівасць» – праводзім праваабарончую канферэнцыю па тэме жаночага здароўя ў зняволенні. Адным са спікераў канферэнцыі будзе юрыст, праваабаронца Павел Сапелка. Ён праводзіць даследаванне на тэму: «Жанчына ў беларускай турме. Правы зняволеных жанчын і беларускія рэаліі ў кантэксце правоў чалавека» і прадставіць на канферэнцыі яго вынікі.