Врачи за правду и справедливость!

Дыскрымінацыя пад прыкрыццём закона: правы жанчын у беларускіх турмах

Сёлета ў лютым Аляксандр Лукашэнка падпісаў Закон «Аб змяненні кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці». На першы погляд норма выглядае доўгачаканым паслабленнем: жанчыны, асабліва тыя, хто даглядае дзяцей або мае інваліднасць, атрымліваюць шанец пазбегнуць калоніі. Аднак аптымізм стрыманы: з тэксту закона вынікае, што паслабленні не распаўсюджваюцца на «экстрэмісцкія» артыкулы. Што гэта значыць на практыцы – мы абмеркавалі з юрыстам і праваабаронцам Паўлам Сапелкам.

Ён падкрэслівае: «Трэба казаць пра тое, што ў цэлым усе тыя недахопы, якія ёсць у заканадаўстве Беларусі, можна было б ліквідаваць на працягу нейкага часу. Але для гэтага, безумоўна, патрэбна агульная сумесная праца самых розных грамадскіх інстытутаў: і заканадаўцаў, і выканаўчай улады, і НДА, і акадэмічнай супольнасці, і былых зняволеных». Аднак сёння гэта немагчыма.

Па словах эксперта, ва ўмовах, калі грамадзянская супольнасць у краіне практычна знішчана, ніякая рэформа немагчымая. Праваабарончыя арганізацыі ліквідаваныя або прызнаныя экстрэмісцкімі, іх дзейнасць у краіне крыміналізавана. Грамадскія ініцыятывы, якія не маюць лаяльнага статусу, не могуць дзейнічаць свабодна. А значыць, адсутнічае адзін з найважнейшых элементаў для правядзення рэформ – грамадская ініцыятыва і кантроль.

Пазітыўная мэта будзе нівелявана дыскрымінацыйнай умовай

«Гэта не стане ніколі нармальным асяроддзем для грамадскага дыялогу», – лічыць Павел Сапелка. Між тым, фармальна ў беларускім праве існуюць нормы, накіраваныя на абарону правоў зняволеных. Аднак ў рэальнасці нават гэтыя нормы дыскрымінацыйныя, калі яны, напрыклад, не прымяняюцца да палітычных зняволеных. «Пазітыўная мэта будзе нівелявана дыскрымінацыйнай умовай аб непрымяненні гэтай нормы да іншадумцаў і апанентаў рэжыму».

Цяпер у Беларусі налічваецца каля 1200 палітычных зняволеных. 13% з іх – жанчыны. Яны падвяргаюцца ціску і дыскрымінацыі як у працэсе следства, так і пасля вынясення прысуду. Гэтыя жанчыны могуць не атрымаць доступу да праграм рэабілітацыі, сацыяльных ільгот, лячэння або гуманных умоваў, якія належаць іншым.

Сітуацыя ўскладняецца тым, што нават падчас расследавання і выбару меры ўтрымання дыскрымінацыя дзейнічае сістэмна. Жанчыны, абвінавачаныя ў «экстрэмізме» або «тэрарызме», – катэгорыя людзей, якая падвяргаецца асабліваму ўціску. Пры гэтым міжнародныя органы, у тым ліку ААН, ужо неаднаразова адзначалі: пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам у Беларусі пераследуюць менавіта іншадумцаў.

Беларускія турмы – люстэрка ўсяго грамадства

Пенітэнцыярная сістэма ў краіне – гэта не проста ізаляваная сфера з унутранымі праблемамі. Турмы ўвогуле, і беларускія не выключэнне – люстэрка ўсяго грамадства. Беларускія вязніцы – элемент агульнага механізму палітычных рэпрэсій. І пакуль інстытуты грамадзянскай супольнасці не змогуць вярнуцца да паўнавартаснай працы, ніякі дыялог аб гуманізацыі ўмоваў утрымання немагчымы. А значыць – немагчыма і рэальная абарона правоў зняволеных жанчын, асабліва тых, хто адбывае пакаранне па палітычных прычынах.

25 чэрвеня 2025 года мы – установа «Лекары за праўду і справядлівасць» – праводзім праваабарончую канферэнцыю па тэме жаночага здароўя ў зняволенні. Адным са спікераў канферэнцыі будзе юрыст, праваабаронца Павел Сапелка. Ён праводзіць даследаванне на тэму: «Жанчына ў беларускай турме. Правы зняволеных жанчын і беларускія рэаліі ў кантэксце правоў чалавека» і прадставіць на канферэнцыі яго вынікі.

Exit mobile version