Site icon Врачи за правду и справедливость!

25 чэрвеня адбылася канферэнцыя пра жаночае здароўе ў турмах Беларусі

У гэты дзень прайшла канферэнцыя «Жанчыны ў зняволенні: нябачны боль пенітэнцыярнай сістэмы Беларусі», якая сабрала экспертаў, даследчыкаў, праваабаронцаў і жанчын, што прайшлі праз турэмны досвед. Мерапрыемства стала важным крокам у агалошванні праблем, якія застаюцца табуяванымі ў беларускім грамадстве.

📍 Асноўнымі тэмамі канферэнцыі сталі:
– парушэнні правоў жанчын у месцах несвабоды;
– псіхалагічныя наступствы турэмнага зняволення: ПТСР, дэпрэсія, трывожныя засмучэнні;
– доступ да псіхалагічнай і медыцынскай дапамогі падчас зняволення і пасля вызвалення;
– рэпрадуктыўнае здароўе і яго ахова за кратамі.

🎙 Асаблівую каштоўнасць канферэнцыі надалі сведчанні жанчын, якія асабіста прайшлі праз беларускія турмы: Наталля Дуліна, Паліна Шарэнда-Панасюк, Вольга Скрашчук і Кіра Баяранка. Іх словы сталі эмацыйным напамінам пра тое, што статыстыка мае твары і галасы, а досвед зняволення — гэта не толькі боль, але і сіла супраціву.

🔹 Павел Сапелка, юрыст і праваабаронца, выступіў з дакладам пра становішча жанчын у беларускай турме і сістэмныя праблемы з правамі чалавека. Ён дакладна абазначыў, што беларускія пенітэнцыярныя ўстановы не адпавядаюць міжнародным стандартам і што жаночая турма — гэта не толькі пра абмежаванне волі, але і пра пазбаўленне чалавечай годнасці.

🧠 Вольга Вялічка акрэсліла псіхалагічныя наступствы зняволення для жанчын, прадставіўшы аналітычны агляд і вынікі анкетавання, а псіхіятр Уладзімір Пікірэня паразважаў пра асаблівасці псіхічнага здароўя жанчын у няволі.

🩺 Станіслаў Салавей падняў важную і часта замоўчваную тэму — праблемы рэпрадуктыўнага здароўя ў беларускіх турмах, а праваабаронца Павел Сапелка выступіў з аналізам сітуацыі з правамі чалавека ў дачыненні да зняволеных жанчын.

🤝 Канферэнцыя стала прасторай падтрымкі і салідарнасці, дзе жаночы голас — асабісты і экспертны — быў пачуты. Дыскусіі і пытанні ўдзельнікаў паказалі: тэма жанчын у турмах — гэта не маргінальная праблема, а люстэрка сістэмы, у якой правы чалавека парушаюцца штодня.

🙏 Дзякуй усім, хто далучыўся да нас — спікерам, гасцям, удзельнікам і ўдзельніцам. Мы, арганізатаркі і арганізатары гэтай канферэнцыі, лічым важным працягваць адкрыты дыялог пра тое, што адбываецца з жанчынамі за кратамі.

Exit mobile version