Вольга Вялічка, псіхолаг
1. «Ты сам/сама вінаваты(ая), што туды трапіў(ла)».
Такія словы абясцэньваюць боль і пакуты чалавека, які ўжо і без таго можа адчуваць цяжар віны.
Прыклад: адна жанчына, якая адседзела «за экстрэмізм» толькі за перасылку фота, пасля вызвалення чула ад суседа: «Ну дык ня трэба было лезьці ў палітыку». Гэта перашкаджала ёй шукаць падтрымку і павялічвала адчуванне ізаляцыі.
2. «Там жа цябе хоць кармілі»?
На першы погляд — нібыта бяскрыўдная цікавасьць. Але для чалавека, які прайшоў праз голад, кепскія прадукты або прымусовую адмову ад ежы з прычыны стрэсу, гэтае пытанне балючае і прыніжае ягоны досвед.
Прыклад: мужчына, які адбываў тэрмін за «пратэсты», расказваў, што ежа ў турме выклікала пастаянныя праблемы са страўнікам. Калі людзі жартавалі: «Ну затое схуднеў», гэта ўспрымалася як здзек.
3. «Галоўнае, што ты жывы».
Так, жыццё — каштоўнасць. Але такая фраза нібы перакрывае магчымасць гаварыць пра боль, траўму, страты, якія здарыліся за кратамі. Чалавек можа адчуваць, што яго прымушаюць «радавацца», калі ўнутры ён яшчэ не гатовы ці не вацыць у гэтым сэнсу.
4. «Не перабольшвай, у нас у кожнага свае праблемы, тут на волі праблем паболей».
Гэта адмаўляе ўнікальны досвед чалавека і прымушае яго замаўчаць. Для тых, хто перажыў зняволенне, адчуваньне, што іх боль «ня важны», узмацняе ізаляцыю.
Прыклад: жанчына, якая вярнулася пасля году ў калоніі, чула ад калегаў: «Ты што, думаеш, нам лёгка было на волі?» Гэта пазбавіла яе жадання дзеліцца сваімі цяжкасцямі.
5. «Ты павінен(а) радавацца, што ўжо на волі».
Вызваленьне — гэта не канец, а пачатак новага шляху: трэба аднавіць здароўе, знайсці працу, аднавіць адносіны з роднымі. Пастаяннае нагадваньне «радавацца» стварае ціск.
Прыклад: палітзняволеная, якая выйшла на волю, не магла спаць праз флэшбэкі турэмных праверак. Калі сяброўкі казалі: «Ну ўжо дома, забудзь», гэта прымушала яе адчуваць сябе няправільнай, нязграбнай адаптавацца да свабоднага жыцця.
6. «Раскажы ўсё падрабязна — што з табой там рабілі»?
Інтарэс натуральны, але чалавека можна траўмаваць паўторным перажываньнем болю. Не кожны гатовы адкрыта гаварыць пра ператрусы, катаванні ці знявагі. Лепей спытаць: «Хочаш расказаць»? і паважаць, колькай інфармацыяй чалавек можа ці гатовы падзяліцца.
7. «Я б ніколі не вытрываў/не вытрымала такога».
Гэта нібы камплімент, але ён робіць чалавека «героем» і адначасова ізалюе яго. Ён не хацеў быць героем — ён хацеў проста жыць.
Прыклад: многія беларускія палітвязьні казалі, што іх пужала не турма, а тое, што на волі іх бачылі толькі як сімвалы, а не людзей з болем і патрэбамі, з недасканаласцямі ці нават, дрэннымі ўчынкамі за кратамі. Дзеля дакладнасці, такая рыса больш уласціва жанчынам, чым мужчынам.
8. «Ты цяпер зусім іншы/іншая».
Гэта можа прагучаць як асуджэнне. Зняволенне заўсёды змяняе чалавека, але важна прыняць яго без спробаў ацэння. Замест гэтага лепей сказаць: «Я бачу, што ты шмат перажыў(ла). Як ты сам(а) адчуваеш гэтыя зьмены»? Важна ведаць, траўматычны досвед больш востры ў самыя першыя дні пасля вызвалення. З часам турботы і абмежаванні зняволення прытупляюцца, застаецца агульнае ўраджанне ад часоў за кратамі.
9. «Гэта ўсё трэба проста забыць».
Траўму немагчыма «забыць» — яе трэба прапрацаваць, інтэграваць у жыцьцё. Падобныя словы прымушаюць чалавека адчуваць, што яго боль і досвед мала каму цікавы ці патрэбны.
10. «Чаму ты не можаш проста жыць далей? Навошта бясконца ўзгадваць тую турму. Ну было і было, жыві далей»!
Гэтыя фразы адкідваюць рэальны стан рэчаў: пасля зняволення патрэбны час на адаптацыю, аднаўленне псіхікі і цела. Замест гэтага можна сказаць: «Што табе дапамагло б цяпер»?
Чаму гэта важна?
Падобныя фразы могуць прагучаць выпадкова, але яны траўмуюць. Гэта датычыцца ня толькі палітычных зняволеных, а ўсіх, хто прайшоў праз сістэму: людзей з крымінальнымі, эканамічнымі і іншымі справамі. Ва ўсіх іх падобны досвед — страта свабоды, страх, прыстасавання да цяжкіх умоваў і складаная адаптацыя пасля вызвалення.