Заява заснавальнікаў ПУ “Лекары за праўду і справядлівасць” з прычыны прызнання экстрэмісцкім фарміраваннем

ЗАЯВА

заснавальнікаў Публічнай установы “Лекары за праўду і справядлівасць”

Сёння стала вядома, што 3 мая 2024 года КДБ Беларусі прызнаў калектыў установы “Лекары за праўду і справядлівасць” экстрэмісцкім фарміраваннем.

Нам не вядомыя факты, на падставе якіх работнікі КДБ вызначылі экстрэмісцкі характар нашай дзейнасці. У традыцыйным для сучаснай Беларусі стылі рашэнне было прынятае ў пазасудовым парадку, а заснавальнікі не мелі магчымасці азнаёміцца з матэрыяламі справы.

Установа “Лекары за праўду і справядлівасць” займаецца даследаваннем і абмеркаваннем грамадска значных праблем, дае пляцоўкі для публічных выказванняў экспертам, спецыялістам, грамадзянам, ладзіць дыскусіі на тэмы пенітэнцыярнага здароўя.

Пенітэнцыярная сістэма ў любой дзяржаве павінна быць даступнай грамадзянскаму кантролю. Наяўныя ў публічнай прасторы шматлікія сведчанні парушэнняў як нацыянальнага, так і міжнароднага заканадаўства, у тым ліку стварэння бесчалавечных умоў утрымання, прымянення катаванняў, парушэнняў пратаколаў і правілаў аказання медыцынскай і псіхалагічнай дапамогі абвінавачаным і асуджаным у беларускіх вязніцах, патрабуюць тэрміновага расследавання і неадкладнага эфектыўнага рэагавання.

Мы трактуем прынятае работнікамі КДБ рашэнне як незаконнае, якое не адпавядае нормам нацыянальнага і міжнароднага права.

Мы рэкамендуем супрацоўнікам КДБ выконваць свае асноўныя функцыі: засяродзіцца на выкананні заканадаўства, накіраванага на гарантаванне бяспекі грамадзян, а не на прыдумванні ўяўных ворагаў для захавання ўлады аднаго чалавека. Такія вашы дзеянні з’яўляюцца незаконнымі па сваёй сутнасці і знішчаюць нацыянальныя інтарэсы па сваіх наступствах.

Выконваючы грамадзянскі абавязак перад сваёй краінай, мы працягваем настойліва і паслядоўна працаваць, каб у Рэспубліцы Беларусь дзейнічаў Закон, перамагалі праўда і справядлівасць.

Прынята на сходзе заснавальнікаў 8.05.2024 года

Contact us

Fill in the form below or give us a call and we'll contact you. We endeavour to answer all enquiries within 24 hours on business days.