Фігурантаў так званай справы “Мікалая Аўтуховіча” утрымлівалі за кратамі 22 месяцы. 17 кастрычніка гарадзенскі абласны суд агучыў прысуды па гэтай рэзананснай справе. Суддзя Максім Філатаў прызначыў ім ад 2,5 да 25 гадоў калоніі. На наступны дзень праваабаронцы прызналі палітзняволенымі Мікалая Аўтуховіча, Ірыну Гарачкіну, Віктара Снегура і Паўла Саву. Але беларускае грамадства не раз выказвалася наконт людзей, якіх утрымліваюць за кратамі па відавочна палітычным матывах, маўляў, чаму іх не прызнаюць палітычнымі зняволеннымі?
Васіль Завадскі лічыць, што праблема існуе з-за тых правілаў, якія былі усталяваныя самімі праваабаронцамі.
“На самой справе праваабарона гэта не эмоцыі, для многіх гэта прафесійны занятак. Як і любая прафесія, яна вымагае ведаў, кваліфікацыі, навучання і г.д. І вось калі я пачаў займацца праваабаронай, вывучаючы асноўныя дакументы, у тым ліку і тыя, якія ўстаноўлены самімі правабаронцамі ў якасці нейкіх унутраных правілаў і нормаў, для мяне пазіцыя праваабарончай супольнасьці ў дадзеным выпадку зразумелая”, — пракаментаваў Васіль Завадскі.
Як кажа праваабаронец, можна зразумець і астатніх людзей, якія ведаюць Мікалая Аўтуховіча і іншых, хто абвінавачваецца па гэтай справе. Мікалай Аўтуховіч ужо двойчы прызнаваўся раней палітзняволеным. Але ў праваабаронцаў існуюць, свае правілы.
“І тое, што прызнанне адбылося ўжо пасля вынясеньня прысуду гэта цалкам абгрунтавана. Сапраўды, бо адзін з крытэрыяў, каго праабаронцы ня могуць прызнаць палітзняволеннымі – гэта людзей, якія здейсняюць гвалтоўныя дзеянні. Гэта такі ёсць прынцып. Разам з тым ёсць ня тое, што выключэнні, але тлумачэнні да гэтага правілу, што палітзняволеным можа быць прызнаны чалавек, які атрымаў за сваю грамадскую актыўнасць, быў затрыманы відавочна за такія дзеянні і атрымаў не прапарцыйны тэрмін, ці ёсць доказы, што ў адносінах да яго ўжываліся недазволенныя метады, катаванні і гэтак далей”, — кажа прадстаўнік установы “Лекары за праўду і справядлівасць”.
Васіль Завадскі кажа, што ўсё гэта ацэньваецца разам ў комплексе. Таксама ён ўпэўнены, рэжым карыстаецца тым, што з-за кратаў праваабарончая супольнасьць не атрымлівае дастаткова звестак аб зняволенных. Разам з тым, Завадскі не губляе надзеі, што ў будучыні праваабаронцы змогуць пераглядзець свае правілы. Але тое, што фігуранты так званай “справы Аўтуховіча” былі прызнаныя палітвязнямі – гэта сведчыць пра тое, што праваабарончая супольнасць адэкватна рэагуе на падзеі.
“Што датычыць Мікалая Аўтуховіча, было мала інфармацыі і трэба прызнаць, што рэжым гэтым карыстаецца. Можа і праваабарончая пазіцыя гэта ня ёсць нешта такое мёртвае, адзін раз і на ўсе гады ўсталяванае, можа і яна будзе крыху мяняцца. Таму што сапраўды мы бачым, што той чалавек, які называе сябе прэзідэнтам не адзін раз пра гэта казаў, што ў нас жа няма палітзняволенных, усе сядзяць па нейкіх крымінальных артыкулах. І рэжым гэтым карыстаецца, канешне, абвінавачвая людзей у нейкіх гвалтоўных дзеяньнях. Але прынамсі ў дадзенным выпадку адбылося тое, што ўсё ж такі Мікалай Аўтуховіч і іншыя фігуранты гэтай так званай справы прызнаны палітзняволенымі. Гэта сведчыць пра тое, што праваабарончая супольнасьць уважліва назірала і назірае за гэтай справай і адэкватна рэагуе на тое, што адбываецца”, — распавёў Васіль Завадскі.
Усю размову цалкам слухайце ў 18 выпуску падкаста “Права на здароўе”: