Муж Паліны Андрэй Шарэнда распавёў, што атрымаў ад яе ліст, датаваны 13 кастрычніка:
«Ужо 12 кастрычніка адабралі ў Паліны на склад асабістыя рэчы і ўсе прадукты і змясцілі ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу). Прычым кінулі яе туды не на 2 месяцы, як мы думалі спачатку, а на доўгія паўгода. У нечалавечых умовах Паліна прабудзе 6 месяцаў. Яна можа сустрэць і Каляды, і Новы год, і дзень народзінаў, і нават Вялікдзень там у поўнай самоце. За гэты час не спяшаючыся хочуць склепаць на Паліну новую крымінальную справу па 411 артыкуле», – напісаў Анрэй Шарэнда ў сваім фэйсбуку.
Нагадаем, ў красавіку Паліну ўжо асудзілі па ч. 2 арт. 411 КК. Суд прызначыў ёй у дадатак да двух гадоў зняволення яшчэ адзін год у калоніі. Зараз ёй зноў пагражае да двух гадоў калоніі.
Васіль Завадскі кажа, што само змяшчэнне ў ПКТ не з’яўляецца падставай для працягу тэрміна зняволення. Але ўзбуджэнне крымінальнай справы па 411 артыкуле – гэта відавочны ціск на палітзняволенную за тое, што яна працягвае адстойваць свае правы і правы іншых зняволенных.
«Змяшчэнне ў памяшканне камернага тыпу – гэта у нейкім сэнсе можа быць нават станоўчым знакам, можа быць гэтым і абмяжуецца. Змяшчэнне ў ПКТ не працягвае тэрмін зняволення. Калі справа ўсё ж будзе ўзбуджана, канешне, чакаць, што беларускі суд апраўдае, на жаль, не прыходзіцца. Тады дадаецца тэрмін. Яшчэ раз падцвяржаецца, што нязломная Паліна працягвае адстойваць і свае правы, і, як можна ўявіць, правы іншых вязняў. Канешне, вось гэта і ёсць прычына таго, што жорстка і бязчалавечна пераследваюць», – каментуе праваабаронца.
На думку Завадскага, крымінальны артыкул за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі» трэба выключыць з крымінальнага кодэксу Беларусі, бо ён не адпавядае сучаснасці і з’яўляецца сродкам для жорсткага пераследу вязняў. Таксама яго ўражвае, што зараз гэтым артыкулам сталі караць і жанчын, раней яго прымянялі выключна да мужчын. Васіль Завадскі лічыць, што гэта адбываецца з-за таго, што рэжым сапраўды баіцца Паліны. Напрыканцы свайго каментара прадстаўнік установы «Лекары за праўду і справядлівасць» заклікаў не забываць пісаць лісты палітвязням, у тым ліку і Паліне Шарэндзе-Панасюк.
«411 артыкул гэта перажытак, анахранізм, які павінен быць безумоўна выключаны з крымінальнага кодэксу, гэта першае. А другое – у прымяненні да жанчыны, і калі гэта не адзінкавы прыклад зараз, такога складана было сабе ўявіць. Да мужчын даволі часта прымянялі гэты артыкул раней. А цяпер мы бачым сталі і да жанчын прымяняць. Адно слова кажуць пра гуманнасць, пра чалавечы падыход, пра памілаванні, пра амністыі, а па факце вось што мы бачым. Значыць баяцца Паліны. Паліна перамагае на самой справе, хоць і знаходзіцца ў такіх жудасных умовах. Застаецца толькі пажадаць і ёй вытрымкі сілы духу, і яе блізкім, родным. І зноў заклікаць нашых случахоў пісаць лісты ў тым ліку і Паліне», – дадаў Васіль Завадскі.
Усю размову цалкам з прадстаўніком установы слухайце ў 19 выпуску падкаста “Права на здароўе”:
—
Калі вам неабходна кансультацыя прадстаўнікоў нашай установы, можна звярнуцца ў наш ананімны тэлеграм бот: https://t.me/doctorsby_bot