Калі мы ўбачылі навіну, што некаторыя нашы інфармацыйныя рэсурсы аб’яўленыя беларускім рэжымам экстрэмісцкімі, першай думкай было, што ў нас дэжа вю або кагнітыўныя парушэнні. Але ўсё ж не, кагнітыўны разлад – не ў нас.
Сапраўды, яшчэ 26 красавіка 2024 года мы першы раз даведаліся, што сайт і сацыяльныя сеткі нашай установы аб’яўленыя экстрэмісцкімі, і папярэджвалі аб гэтым сяброў і прыхільнікаў. Тады вызначыўся суд Цэнтральнага раёна г. Мінска.
Цяперашняя навіна прыйшла з суда Полацкага раёна, які па незразумелых пакуль прычынах зацікавіўся нашай дзейнасцю і 7 кастрычніка 2025 года паўторна аб’явіў экстрэмісцімі матэрыяламі нашы старонкі ў Facebook і ў Тэлеграме, а таксама наш YouTube-канал. Іншыя нашы інфармацыйныя рэсурсы такой увагі прадстаўнікоў полацкай псеўда-Феміды чамусьці не прыцягнулі. Таму застаецца крыху незразумелым селектыўны падыход служкаў рэжыму, якія называюць сябе суддзямі Полацкага раёна. Як бачым, іх падзельнікі з суда Цэнтральнага раёна г. Мінска у 2024 годзе такой пераборлівасцю не вызначаліся, і аб’явілі эстрэмісцкімі ўсе нашы інфармацыйныя рэсурсы, што называецца, чохам.
Але, хутчэй за ўсё, справа проста ў тым, што чыноўнікі суда Полацкага раёна не ўмеюць карыстацца пошукам у Word-дакументах – элементарныя дзеянні паказалі б ім, што пальму першынства ў гэтай ганебнай справе яны паўтары гады як страцілі.
Як бы тое ні было, маем інфармацыную нагоду зноў адзначыць, што нават нашы апаненты прызнаюць нашу працу годнай, а нашы рэсурсы належаць да пачэснага спісу паважаных і заслужаных, сумленных, вартых увагі і даверу. Як гаварылі ў вядомым фільме, “значит, хорошие сапоги, надо брать”.
Калі ж казаць сур’ёзна і без сарказму, то мы, па-першае, паўтараем заклік да нашых падпісчыкаў, чытачоў, гледачоў у Беларусі да асцярожнасці. Калі вы яшчэ падпісаныя на нашы рэсурсы – адпішыцеся. Не забудзьце выдаліць каментары, падабайкі і іншыя рэакцыі, пачысціць гісторыю.
Па-другое, зафіксуем, што служкі рэжыму так і просяцца ў спісы да люстрацыі, якую самі ж робяць непазбежнай і самі набліжаюць. А мы працягваем выконваць свой грамадзянскі абавязак, як і раней спакойна, настойліва і паслядоўна працуем дзеля таго, каб у вольнай Беларусі дзейнічаў Закон, каб праўда і справядлівасць існавалі і перамагалі.


