Прыемная навіна прыйшла на гэтым тыдні: зладжаная праца нашай дружнай і прафесійнай каманды атрымала высокую адзнаку праваабарончай супольнасці Беларусі. 10 снежня, у Міжнародны дзень правоў чалавека, стала вядома, што ініцыятыва “У турмы не жаночае аблічча” прызнаная пераможцай ў намінацыі «Праваабарончая кампанія/ініцыятыва года-2025».
Праваабарончая праца – гэта заўсёды вырашэнне альбо, як мінімум, спробы вырашэння нейкіх праблем. Ні ў адной дзяржаве свету правабаронцы не з’яўляюцца зручнымі і “прыемнымі” для ўладаў людзьмі. Але ў цывілізаваных краінах грамадства, а пад яго ўздзеяннем і ўлады ўсведамляюць жыццёва важную неабходнасць праваабарончай дзейнасці – каб абараніць звычайнага, простага грамадзяніна ад ціску непаваротлівай, абыякавай дзяржаўнай махіны, часта няздольнай унікнуць у праблемы канкрэтнага “маленькага” чалавека.
Рэжым любой аўтарытарнай дзяржавы, любая дыктатура адчуваюць смяротную небяспеку, якую нясе ім праваабарончая дзейнасць, грамадскі актывізм ўвогуле. Таму тысячы грамадзян у нашай краіне праходзяць праз жорны дзяржаўнай рэпрэсіўнай машыны, і гэты пачварны механізм, гэты нялюдскі молах працягвае дзейнічаць.
Зараз мы маем супярэчлівыя пачуцці – з аднаго боку, цешыць, што наша супольная праца прыцягнула такую вялікую ўвагу і атрымала такую высокую адзнаку. Разам з тым прыкра і балюча ўсведамляць, што ў нашай роднай краіне працягваюць пакутаваць шматлікія вязні, якія церпяць здзекі, не атрымліваюць належнай медыцынскай дапамогі, якія пазбаўленыя элементарных чалавечых умоў і правоў.
Сённяшняя ўзнагарода нагадвае нам: наша праца – гэта толькі цаглінка ў фундамент пабудовы новай Беларусі: краіны, у якой патрэбы і інтарэсы грамадзяніна будуць у цэнтры ўвагі ўладаў не ў якасці наскрозь ілжывых крывадушных лозунгаў, а на самой справе. Але без такіх цаглінак не будзе будынку.
Таму мы працуем далей – сумесна, шчыра, паслядоўна, спакойна і настойліва.




