Нашы правабарончыя інфармацыйныя матэрыялы, як правіла, насычаныя не толькі фактычнымі дадзенымі, але і ярка афарбаваныя эмацыйна. Гэта праўда, і гэта цалкам абгрунтавана.
Але якраз сёння мы хацелі б паразмаўляць мовай лічбаў – у дачыненні да пытанняў рэсацыялізацыі былых вязняў. Нягледзячы на трывалае словазлучэнне “сухая мова лічбаў”, нашы сённяшнія дадзеныя будуць дастаткова красамоўнымі.
Трэба выразна разумець, што дзейнасць па рэсацыялізацыі былых вязняў патрабуе значных рэсурсаў, якіх НДА любой краіны, як правіла, не маюць. Тут на дапамогу мусіць прыходзіць дзяржава. Непазбежна ўзнікае пытанне – а ці эфектыўнае такое ўкладанне бюджэтных (чытай – народных) сродкаў?
У артыкуле “Наступны крок – чым дапамагчы?” мы пісалі пра сацыялагічнае даследаванне аб патрэбах вязняў і былых вязняў, якія яны маюць падчас працэсу вяртання ў грамадства пасля вызвалення. Але было яшчэ адно вельмі цікавае даследаванне эканамічнай эфектыўнасці рэсацыялізацыйнай дзейнасці, якую ў якасці пілотнага праекта арганізавала міжканфесійная рэлігійная арганізацыя.
Хрысціянскія цэрквы розных дэнамінацый у Беларусі маюць пэўны вопыт мэтанакіраванай рэсацыялізацыйнай працы менавіта з катэгорыяй былых зняволеных. Вельмі істотна, што некаторыя такія пляцоўкі разам з традыцыйнай духоўнай падтрымкай маюць магчымасць аказваць і такія ўнікальныя паслугі, як прадастаўленне жылля, працаўладкаванне непасрэдна пры цэрквах або садзейнічанне ў працаўладкаванні ў іншыя арганізацыі, а таксама некаторыя іншыя ў адпаведнасці з індывідуальнымі патрэбамі людзей.
У 2017-2018 гадах Цэнтр эканамічных і сацыяльных даследаванняў (CASE) правёў вывучэнне сацыяльна-эканамічнай эфектыўнасці праграмы рэсацыялізацыі былых зняволеных на прыкладзе праваслаўнай парафіі ў в. Чонкі Гомельскага раёна і атрымаў вельмі цікавыя абнадзейлівыя вынікі. Вось некаторыя высновы дадзенага даследавання.

Як бачым, гэтае даследванне паказала, што 1 накіраваны на рэсацыялізацыю рубель пры належнай, комплекснай арганізацыі гэтай працы прыносіць больш як 14 рублёў карысці! Для нас істотным з’яўляецца яшчэ і той факт, што менавіта на гэтай пляцоўцы ажыццяўлялася рэсацыялізацыя жанчын, вызваленых з жаночых калоній Беларусі.
Вядома, гэты адзіны даследаваны прыклад было б некарэктна механічна экстрапаляваць на іншыя рэсацыялізацыйныя пляцоўкі, тым больш не царкоўныя. Можна сумнявацца ў такой высокай эканамічнай эфектыўнасці рэсацыялізацыйнай працы ў іншых арганізацыях, аднак не выклікае сумнення, што ў выніку яна нясе даказаную эканамічную карысць для грамадства і дзяржавы, не кажучы пра іншыя кампаненты «карыснасці». Разам з тым важна падкрэсліць: нягледзячы на эканамічную самастойнасць цэркваў, вывучаны CASE праект ажыццяўляўся пры знешняй фінансавай падтрымцы, у дадзеным выпадку – Еўразвяза. Гэта значыць, выконваць поўны комплекс рэсацыялізацыйнай праграмы за кошт толькі ўласных рэсурсаў калі не немагчыма, то вельмі цяжка і для цэркваў. Аднак у беларускіх рэаліях цэрквы вельмі неахвотна звяртаюцца з просьбамі аб матэрыяльнай падтрымцы да дзяржаўных структур, асцерагаючыся складаных бюракратычных працэдур выдзялення сродкаў і далейшага кантролю за іх выкарыстаннем, а таксама за дзейнасцю рэлігійных арганізацый у выпадку атрымання імі такой дапамогі. Як сказаў адзін святар: “Дапамогі на рубель, а кантролю, адказнасці і справаздачнасці – на сто!”
Як бы ні было, але дадзены прыклад красамоўна сведчыць аб бясспрэчнай эканамічнай выгаднасці рэсацыялізацыі былых вязняў і для дзяржавы, і для грамадства ў цэлым. Галоўнае, каб дзяржава павярнулася тварам да людскіх патрэб не толькі на словах, але і на справе.
Дзеля гэтага і працуем.