
Псіхогаг Вольга Вялічка
1 жніўня — Сусветны дзень сяброўства. А як яно выглядае за кратамі?
Часта сяброўства за кратамі ўспрымаецца як вымушаная неабходнасць выжыць. На волі людзі кажуць: «у турме сяброў няма». Гэтая фраза ходзіць і па саміх бараках, перадаецца ад наглядачаў да вязняў, перамешваецца з чуткамі і падазронасцю. Таму першае, што робіць зявень, калі трапляе туды, — не давярае нікому. Бо тут сістэма так і задумана: чым менш падтрымкі паміж людзьмі, тым лягчэй імі кіраваць.
Але ўсё роўна сяброўства нараджаецца. Часам — проста з таго, што хтосьці падзяліўся ежай ці сказаў слова, якое падтрымлівае У жаночай калоніі дзейнічае правіла «отчуждение – присвоение», і гэта азначае: чужога не бяры, ні ў каго нічога не прасі. Таму любая чалавечая цеплыня там каштуе ўдвая даражэй.
Стукачоў баяцца ўсе. Ніхто да канца не ведае, хто і калі пойдзе да опера і што раскажа. Ад гэтага сяброўства становіцца яшчэ больш крохкім, а часам нават немагчымым. Сістэма падштурхоўвае людзей падазраваць, а не падтрымліваць адно аднаго.
На волі пра гэта думаюць па-рознаму. Адны лічаць, што турэмнае сяброўства — сапраўднае, бо калі ўжо ў такіх умовах нехта стаў табе блізкім, значыць, гэта праўда. Іншыя да гэтага ставяцца насцярожана: маўляў, усё, што з турмы, — «нячыстае». А для тых, у каго родныя за кратамі, любое сяброўства там — глыток паветра: ведаць, што побач з тваім чалавекам ёсць нехта, хто не дасць зламацца.
Вымушанае сяброўства.
«Сямейнічать» — гэта такі феномен, калі двое зняволеных дзеляць перадачы, падтрымліваюць адзін аднаго. Ён больш характэрны для мужчынскіх калоній. Іх родныя часта ў кантакце і высылаюць перадачы на дваіх. Гэта дае ім пачуццё падтрымкі і бяспекі ў калоніі, пеерш за ўсё ў магчымасць харчавацца. Турма змянбшае сацыялізацыю чалавека да вельмі простых, часта прімітыўных. рэчаў. Тут добрая кава – гэта раскоша. Смятана ці іншыя малочныя прадукты мала даступныя. Таму ежа сама па сабе становіцца раскошай, нечым большым, нагадваючым пра волю і тыя моманты шчасця, якія былі звязаныя з традыцыямі харчавання.
Псіхалагічны механізм «семейнічання» ўмоўлены патрэбай выжывання ў жорсткіх умовах калоніі. Прымусовая ізаляцыя і недахоп рэсурсаў прымушаюць зняволеных шукаць падтрымку ў адзін аднаго, дзяліцца тым, што ёсць, каб разам лягчэй перажыць цяжкасці. Такая сувязь дае пачуццё бяспекі і прыналежнасці, што памяншае стрэс і самоту. Гэта — форма адаптацыі да воражых умоў, дзе надзейныя адносіны могуць выратаваць фізічна і эмацыйна. На гэтым механізме і фарміруецца сяброўства.
Псіхалагічны механізм сяброўства за кратамі тлумачыцца тым, што чалавек у турме трапляе ў стан поўнай кантролю і дэфіцыту блізкасці. У такіх умовах запускаюцца некалькі ключавых працэсаў:
- Пошук бяспекі і падтрымкі
– Замкнёная прастора, адсутнасць прыватнасці і пастаянная небяспека ствараюць высокі ўзровень трывогі. Сяброўства становіцца натуральнай спробай знайсці “свайго чалавека”, каб адчуваць хаця б мінімальную абарону. - Супольная траўма
– Агульны досвед пакут і несправядлівасці стварае “нябачную сувязь”. Людзі пачынаюць лепш разумець адзін аднаго без слоў, бо перажываюць падобныя эмоцыі — страх, сорам, злосць, бездапаможнасць. - Патрэба ў сведку ўласнага існавання
– Калі сістэма зневажае чалавека, важна, каб хтосьці бачыў цябе “жывым”. Сябра ў турме — гэта той, хто пацвярджае: ты яшчэ чалавек, а не толькі нумар. - Падзел рэсурсаў і інфармацыі
– У турме нават дробязь (кава, ліст, навіна) мае вялікую каштоўнасць. Гатоўнасць дзяліцца ўзмацняе сувязь і стварае ўзаемныя абавязкі, якія падтрымліваюць сяброўства. - Супраціў сістэме праз чалавечнасць
– Калі ўлада будуе стасункі на недаверы і стукацтве, любое сяброўства становіцца актам ціхага супраціву — магчымасцю захаваць унутраную свабоду.
Сяброўства ў няволі — гэта складаны феномен, які спалучае ў сабе элементы шчырасці, прагматызму і выжывання. Яно можа быць і крыніцай падтрымкі і салідарнасці, і прычынай расчараванняў і канфліктаў. У беларускіх рэаліях сяброўства часта фармуецца на фоне пастаяннага нагляду і недаверу, дзе людзі мусяць вымяраць кожнае слова і ўчынак. Таму сяброўства ў калоніі — гэта не проста асабісты выбар, а частка механізма выжывання ў сістэме, якая пастаянна спрабуе раздушыць чалавечую салідарнасць.
Сяброўства за кратамі звязана не толькі з патрэбай выжывання. Яно нярэдка становіцца спосабам захаваць чалавечнасць у асяроддзі, дзе ўсё скіравана на яе разбурэнне. Людзі сябруюць, каб памятаць, хто яны па-за сценамі: муж, жонка, бацька, маці, сябар.