Пігулкі як цукеркі: што адбываецца за сценамі жаночых калоній
Сёння ў кантэксце рэсацыялізацыі мы паразважаем на адну з самых закрытых тэм сучаснай беларускай пенітэнцыярнай сістэмы — выкарыстанне медыкаментаў як інструменту гвалту і кантролю. Там, дзе чалавек, сутыкнуўшыся з каласальным стрэсам і ізаляцыяй, патрабуе тонкай псіхалагічнай падтрымкі, айчынная машына пакарання прапануе метады, якія былая вязынка Паліна Шарэнда-Панасюк называе карнай псіхіятрыяй.
Карбамазепін замест спачування
«Я адразу катэгарычна заўжды заяўляла, што ніякіх лекаў я прымаць не буду. Я адмаўляюся прымаць якія кольвек лекі ад вас», — узгадвае свой досвед у жаночай калоніі № 24 (г. п. Зарэчча) былая палітзвязынка Паліна Шарэнда-Панасюк.
Паводле яе слоў, турэмная медыцына накіраваная не на тое, каб вылечыць чалавека ці дапамагчы яму справіцца з псіхалагічным нагрузкамі, а на тое, каб зрабіць яго паслухмяным і безабаронным. Галоўным інструментам для гэтага становяцца цяжкія псіхатропныя прэпараты, якія адміністрацыя і медыцынскі персанал выкарыстоўваюць без рэальных медыцынскіх паказанняў.
«Па-першае, я псіхічна здаровы чалавек, палітзняволеная. Ваша псіхіятрыя карная. Вядома, што вы можаце сваімі пігулкамі не вылечыць, а проста з чалавека зрабіць вар’ята. І гэта было бачна ў гэтай калоніі 24-й, дзе людзям як цукерачкі раздавалі карбамазепін», — гаворыць Паліна Шарэнда-Панасюк.
Карбамазепін — гэта супрацьсутаргавы прэпарат і норматымік, які пры неналежным ці наўмысным прызначэнні ў вялікіх дозах здольны прыгнятаць цэнтральную нервовую сістэму, выклікаць апатыю, заторможанасць і поўную страту волі. Раздача такіх лекаў «як цукерак» ператварае зняволеных у бяссільных выканаўцаў чужой волі, здольных толькі бязмоўна трываць псіхалагічны ціск з боку адміністрацыі.
Медыцынская блакада
Пры гэтым магчымасць абараніць сваё здароўе бяспечнымі і праверанымі сродкамі ў калоніі метадычна абмяжоўваецца. Правілы ўтрымання пастаянна змяняюцца ў бок узмацнення жорсткасці. Як падкрэслівае Паліна Шарэнда-Панасюк, калі раней зняволеныя жанчыны маглі хаця б атрымліваць неабходныя вітаміны ці лекі ад сваіх родных і трымаць іх пры сабе альбо ў санчастцы, то пасля гэты канал быў цалкам перакрыты.
Каб атрымаць хоць нейкі медыкамент, патрэбна пацверджанне ад турэмнага доктара. Улічваючы агульную атмасферу жаночых калоній, дзе кіраўніцтва можа адкрыта дэманстраваць прыкметы жанчынаненавісніцтва і дзейнічаць як «улыбчивые падонкі» (так Паліна называла начальніка калоніі), дабіцца адэкватнага рэцэпту становіцца немагчыма. Любая спроба лекавацца ператвараецца ў шлях бюракратычнага пекла і знявагу.
Незваротныя змены псіхікі
Наступствы ізаляцыі, псіхалагічны гвалт, неадэкватная медыцына пакідаюць глыбокі і часта невылечны след. Турма пазбаўляе чалавека базавага права — кантраляваць сваё жыццё і планаваць будучыню. Калі гэта цягнецца гадамі, арганізм і псіхіка пачынаюць ламацца.
Праваабаронца, лекар Васіль Завадскі звяртае ўвагу на навуковыя даследаванні, якія пацвярджаюць катастрафічны ўплыў працяглага зняволення на чалавека: «Між іншым, ёсць даследаванні навукоўцаў, якія сцвярджаюць, што калі не памыляюся, пасля пяці гадоў зняволення адбываюцца такія выразныя выразныя змены ў псіхіцы і псіхалогіі чалавека, якія захоўваюцца на ўсё астатняе жыццё».
Гэты досвед пазбаўлення волі немагчыма назваць пазітыўным. Нават праз гады пасля вызвалення людзі не могуць стрымаць слёз, згадваючы перажытае за кратамі. Траўма, атрыманая ў калоніі (на тле не самай кваліфікаванай псіхіятрычнай дапамогі), патрабуе працяглай і вельмі тонкай рэабілітацыі. Але пасля таго, як брама калоніі за спінай жанчыны, былая зняволеная сутыкаецца не з дапамогай спецыялізаваных псіхолагаў, а з новым колам дзяржаўнага кантролю, нагляду і прымусу.
Жаночыя калоніі ў Беларусі сёння – не пра выпраўленне і рэсацыялізацыю, а хутчэй пра татальны кантроль і дэструктыўны ўплыў на асобу, накіраваны на знішчэнне індывідуальнасці і прыніжэнне чалавечай годнасці. Асабліва прыкра, што гэта адбываецца пры садзейнічанні ці, найменей, пасіўнасці псіхалагічнай і медыцынскай службаў – інстытуцый, якія ствараліся людзьмі для зусім процілеглых мэтаў.