Чатыры гады зняволення — гэта тысячы начэй, напоўненых адной і той жа марай: проста абняць блізкіх і вярнуцца да чалавечага жыцця. Пенітэнцыярная сістэма накіраваная на тое, каб абмяжоўваць, ламаць і ператвараць чалавека ў паслухмяную лічбу чарговай справаздачы. Але па-за межамі кабінетаў застаецца самае галоўнае — унутраны свет чалавека і тое, што дапамагае не зламацца падчас ізаляцыі. Як выглядае тая самая апошняя ноч, калі ты дакладна ведаеш: заўтра брама адчыніцца?
Радасць, змешаная з трывогай
Для палітзняволеных момант перад выхадам на волю — гэта не проста радаснае чаканне, а час найвышэйшага псіхалагічнага напружання. Радасць апошняй ночы ў камеры заўсёды ідзе поруч з хваляваннем.
«Радасная была ноч. Разуменне таго, што яна тут ужо апошняя была. І радасна, і трывожна, і не верылася, што няўжо. Няўжо нарэшце, так бы мовіць? — згадвае Паліна Шарэнда-Панасюк. — І я дабілася, і тыя людзі, якія за мяне змагаліся, таксама дабіліся, дамагліся, што мы як бы пераламілі гэтую махіну, гэтую сітуацыю. Я марыла, як я выйду, як сустрэнуся з усімі, з сям’ёй, з мужам, з дзецьмі, з людзьмі проста, як далей дзейнічаць».
Псіхалагічны стан чалавека ў гэты пераломны момант тлумачыць лекар і праваабаронца Васіль Завадскі:
«Трэба разумець псіхалагічны стан вязня перад вызваленнем. Гэта вельмі хвалюючая, вельмі стрэсавая сітуацыя. Таму што чалавек адбыў доўгі час у зняволенні ў зусім ненармальных для вольнага чалавека ўмовах, калі ад цябе нічога не залежыць, калі ты сам сабе нават не належыш у поўнай меры, і заўтра ўсё зменіцца. Калі казаць пра Паліну канкрэтна, мы ведаем, што ёй не адзін раз прыцягвалі тэрміны зняволення, прычым амаль што ў апошні момант. Безумоўна, яе, як і любога чалавека, хвалявала, што заўтра можа быць чарговы “сюрпрыз” — новы тэрмін».
Паводле эксперта, можна сабе толькі ўявіць, у якім стрэсе знаходзіцца чалавек. Нават для тых, хто ведае, што праблемаў не будзе, гэты стан адначасова і радасны, і трывожны.
«А што казаць пра людзей, якія адбылі вялікія тэрміны, маюць праблемы на волі, не ведаюць, куды ісці і за што паесці ў першыя дні пасля вызвалення? Чалавек усё гэта праганяе ў галаве і разважае», – распавядае Васіль Завадскі.
Фізічнае вяртанне рэальнасці: без праслушкі і кратаў
І вось гэты момант настае. Брама адчыняецца, і чалавек крочыць насустрач волі. Першае, што адбываецца — вяртанне фізічнай рэальнасці, якую за кратамі забаранялі. Гэта момант, калі знікае халоднае шкло, якое гадамі падзяляла родных людзей і стаяла на шляху да нармальнага чалавечага кантакту.
«Я ўбачыла сваю маму, — дзеліцца Паліна. — Да якой я… я проста змагла нарэшце яе абняць, бо дагэтуль бачыла яе альбо праз шкло, альбо праз краты. І нават калі яна стаяла літаральна ў дваццаці сантыметрах ад мяне, я не магла нават да яе дакрануцца. А тут я змагла нарэшце яе абняць».
Гэта не проста эмацыйная сустрэча, гэта літаральна фізічная перазагрузка цела і розуму пасля турэмных абмежаванняў, пачатак аднаўлення асобы праз дотык да родных.
«Гэта вяртанне да жыцця, да звыклых рухаў, звыклых жэстаў — проста прайсці там, куды хочаш, павярнуцца, як хочаш, там сесці, як хочаш. Там паразмаўляць нязмушана, ведаючы, што там [не] будуць праслушкі, відэакамеры, там стукачы і розных вакол. Вельмі ўзнёсла такое пачуццё было», – кажа Паліна.
Досвед палітвязняў даводзіць: простыя чалавечыя каштоўнасці — магчымасць абняць маці, сустрэча з блізкімі і камунікацыя, пабудаваная на шчырасці ды аптымізме — у выніку аказваюцца мацнейшымі за любыя рэпрэсіўныя махіны і турэмныя муры.