Рэсацыялізацыя — адна з ключавых афіцыйных мэтаў сучаснай пенітэнцыярнай сістэмы Беларусі. Аднак на практыцы жорсткія абмежаванні на камунікацыю асуджаных са знешнім светам прыводзяць да адваротнага. Разрыў кантактаў з сям’ёй, інфармацыйная ізаляцыя перашкаджаюць фарміраванню ўмоў, неабходных для паспяховага вяртання чалавека ў грамадства.
Мы пагаварылі з былой палітзняволенай Вольгай (імя зменена), а таксама з праваабаронцай «Вясны», былой палітзняволенай Марфай Рабковай. Яны распавялі, як падтрымлівалася сувязь з роднымі і як ў ПК № 4 Гомеля прымушаюць глядзець дзяржаўнае тэлебачанне.
Паслабленне сямейных сувязяў як фактар дэсацыялізацыі
Сучасная пенітэнцыярная крыміналогія пацвярджае: наяўнасць устойлівых сямейных сувязяў з’яўляецца галоўным ахоўным фактарам, які зніжае рызыку паўторнага здзяйснення злачынстваў. Практыка блакавання карэспандэнцыі, абмежавання перапіскі вузкім колам блізкіх сваякоў і знішчэнне лістоў руйнуе асяроддзе падтрымкі вакол асуджанага. Нумарацыя лістоў і вымушаныя меры кантролю з боку сем’яў толькі падкрэсліваюць штучнасць умоў зносін.
Для Марфы зносіны з сям’ёй у зняволенні і захаванне сацыяльных сувязяў былі адной з найбольш балючых тэм, якую яна, будучы праваабаронцай, дэталёва аналізавала знутры турэмнай сістэмы. Яна крытыкуе пенітэнцыярную сістэму за яе каральны падыход да сацыяльных кантактаў асуджаных. Марфа падкрэслівае, што менавіта сувязь з сваякамі з’яўляецца галоўным фактарам, здольным выправіць чалавека і дапамагчы яму вярнуцца ў нармальны соцыум, аднак сістэма робіць усё, каб гэтую сувязь разбурыць.
«Я не разумею, чаму яны так? Чаму яны лічаць, што абрыў сацыяльных сувязяў — гэта добра? Я зараз кажу не толькі пра дзесятую катэгорыю, я кажу агулам пра людзей. Мне здаецца, што якраз-такі сацыяльныя сувязі, сувязь з сваякамі — гэта тое, што чалавека можа выправіць», — разважае Марфа Рабкова.
Паводле назіранняў праваабаронцы, тэлефонныя званкі ў калоніі штучна ператвораны ў прывілей, а жорсткае абмежаванне на іх выкарыстоўваецца адміністрацыяй як каральны інструмент. Марфа адзначае, што перапіска ці рэдкія сустрэчы з людзьмі, якія не з’яўляюцца блізкімі сваякамі (нават калі гэта блізкія па жыцці сябры, суседзі ці проста неабыякавыя людзі), практычна недаступныя.
Аналагічны дэструктыўны эфект робяць абмежаванні на кароткатэрміновыя і доўгатэрміновыя спатканні. Складаны графік паведамленняў (за 1–2 дні), сустрэчы праз шкло па тэлефоннай слухаўцы і жорсткія ліміты на колькасць доўгатэрміновых спатканняў прыводзяць да разрыву міжасабовых кантактаў. Для тых, чые сваякі жывуць у аддаленых рэгіёнах ці не маюць магчымасці аператыўна прыехаць, гэта азначае шматгадовую ізаляцыю ад блізкіх.
«Трапіць на спатканне гэта вялікая латарэя. Галоўным чынам табе 28-29 дня кажуць, што ў цябе спатканне першага. Каб у цябе не было нават шанцу напісаць і родныя не паспелі атрымаць ліст, прыехаць да цябе», – успамінае Вольга.
Такім чынам, кіраўніцтва калоніі фармальна не адмаўляла ў спатканні, але фактычна пазбаўляла зняволеных магчымасці пабачыцца з сям’ёй.
Тэлебачанне з тэмпературай пад 40
Паспяховая інтэграцыя вызваленага чалавека патрабуе ад яго валодання актуальнай інфармацыяй пра працэсы ў грамадстве. Аднак доступ да інфармацыі ў пенітэнцыярных установах істотна абмежаваны.
«Мы знаходзіліся ў інфармацыйным вакууме. Нам можна было глядзець тэлевізар толькі па часе. Вось гэта іх тэлебачанне, Вектар, якое яны паказвалі, натуральна, прапаганда», – расказвае Вольга.
Прагляд «Вектара» быў абавязковым элементам лагернага рэжыму. Вольга ўспамінае, як яе, нават цяжка хворую, з тэмпературай пад 40 градусаў, слабасцю і моцным потам, адміністрацыя ўсё адно прымушала сядзець у атрадзе перад экранам і глядзець гэтыя перадачы.