Калі мова заходзіць пра беларускія жаночыя калоніі, уяўленне малюе бяссконцы шэрыя будні, манатонную працу на швейнай прамзоне і жорсткі рэжым. Аднак за калючым дротам гомельскай ПК-4 ёсць месца, якое на першы погляд падаецца аскепкам зусім іншага, мірнага жыцця – гэта мясцовая школа і каледж.
Як уладкавана навучанне ў зняволенні, што там выкладаюць, чаму 40-гадовыя жанчыны зноў садзяцца за парты – пра гэта распавядае наша гераіня Дар’я (імя зменена).
40-гадовыя вучаніцы
Адной з найбольш шокавых рэальнасцей для людзей з вышэйшай адукацыяй, якія трапляюць у калонію па палітычных артыкулах, становіцца ўзровень граматнасці зняволеных, якія там знаходзяцца. Высвятляецца, у сучаснай Беларусі дагэтуль ёсць жанчыны, якія не скончылі нават базавую школу.
«Я ніколі не ведала, што ў Беларусі ёсць столькі жанчын, якія не закончылі школу, – дзеліцца сваімі ўражаннямі Дар’я. — Іх абавязваюць, яны ходяць у школу. І вось там вось жанчыны гэтыя і за 30, і за 40 гадоў ходзяць пісаць, ім выдаюць атэстаты».
Найстарэйшай «вучаніцы» ў калоніі на памяці суразмоўцы было каля 47-48 гадоў. Для многіх з іх школа ў ПК – гэта не проста абавязаўка, а адзіны шанец атрымаць базавыя навыкі выжывання ў соцыуме.
Школа ў калоніі – гэта філіял звычайнай гомельскай сярэдняй школы. Сюды прыходзяць настаўнікі_цы з горада, яны праводзяць урокі, задаюць хатнія заданні і выдаюць атэстаты дзяржаўнага ўзору (дзе ў якасці месца вучобы пазначаны звычайны нумар гарадской школы, без згадвання калоніі).
Але ёсць адна вялізарная праблема – у жанчын-школьніц фізічна няма часу на вучобу. Змену на фабрыцы ніхто не адмяняў, а асабісты час жорстка абмежаваны праглядам турэмнага дзяржаўнага тэлебачання («Вектар ТВ»). У выніку падручнікі даводзіцца даставаць уначы, перад сном.
Каледж у ПК №4: дзве спецыяльнасці і схаваныя «плюшкі»
Паводле слоў суразмоўцы, акрамя школы, на тэрыторыі калоніі і прамзоны дзейнічае прафесійна-тэхнічны каледж. Навучанне трывае год. Жанчынам, якія маюць базавую адукацыю, прапануюць атрымаць адну з дзвюх спецыяльнасцей: швачка (што лагічна для швейнай вытворчасці калоніі) або цырульніца.
Для маладых дзяўчат (асабліва тых, хто трапіў за краты ў 18-19 гадоў па «наркатычным» 328-м артыкуле без якога-небудзь бэкграўнду) гэта рэальная магчымасць выйсці на волю са спецыяльнасцю. Напрыклад, вывучыўшыся на цырульніцу, зняволеныя могуць працаваць у мясцовай цырульні, задарма стрыгуць астатніх 1500 асуджаных жанчын. Самастойна раўняць грыўку нажніцамі строга забаронена – за гэта можна атрымаць рапарт за парушэнне рэжыму.
Акрамя таго, статус навучэнца дае легальныя «ільготы» ўнутры калоніі. Школу і фабрыку сумяшчаюць за кошт пераводу ў патрэбную змену (фабрыка працуе ў дзве змены, школа – у адну). Але галоўнае – у жанчын-вучаніц менш дзяжурстваў па атрадзе, бо ў будныя дні яны занятыя навучаннем, а адпрацоўваюць дзяжурствы толькі па выхадных.
Палітычным – адмовіць
Нягледзячы на дэклараваную адміністрацыяй «рэсацыялізацыю», сістэма дзеліць зняволеных. Так, палітзняволеным шлях да прафесійнай або вышэйшай адукацыі ў калоніі фактычна закрыты.
Былыя студэнткі, якія трапілі за краты за пратэсты, спрабавалі падаваць дакументы ў мясцовы каледж, але сутыкаліся з жорсткай і прынцыповай адмовай кіраўніцтва: «Палітычным – не». Дакументы проста не прымалі.
Пры гэтым звычайным зняволеным (пры наяўнасці грошай на ўнутраным рахунку) адміністрацыя дазваляе нават больш: выпісваць навучальныя курсы па дызайне інтэр’ераў або вучыць замежныя мовы па спецыяльных дапаможніках. Дар’я кажа, што з нядаўніх пор ў калоніі нават заяўляюць пра магчымасць дыстанцыйнага атрымання вышэйшай адукацыі — але, зноў жа, выключна для «лаяльнага» кантынгенту.