
Алесі 38 год, яна нарадзілася і ўсё жыццё пражыла ў абласным горадзе. Прыкладна з 20 год яна зразумела пра сябе, што стасункі з хлопцамі не даюць ёй такой пяшчоты і цяпла, як стасункі з дзяўчатамі. Шлях да сваёй ідэнцічнасці заняў каля 7 год. Алеся прайшла праз зняволенне амаль у тры гады, спазнала за гэты час пакуты турмы і здраду ад каханай (імя гераіні зменена па этычных і прававых нормах).
“Пасля першага допыту я гадзіну не магла дакрануцца да сябе. Не магла памыць твар.
Я думала: яны ўсё яшчэ тут”
“Я не разумею як, але вельмі хутка, можа на трэцім допыце, яны зразумелі, што мая сэксуальнасць нетрадыцыйная. І тут пачалося: бацькі выгадавалі вырадка, зараз мужыкоў тут паспрабуеш, ты проста сука без кабеля, зараз мы табе пакажам, як гэта, калі мужык “устаўляе”.
Пра што думалася ў той час?
Яны мяне проста сцёрлі, сцёрлі, як жанчыну, як чалавека. Яны стаялі нада мною паўколам, гыркалі, здзекваліся, пляваліся, адзін слюні літаральна пускаў мне ў твар. Я зажалася ўнутр, я не ведала, што я магу адчуваць такі страх. Я нават не разумела ў той момант, як гэта абразліва. Асэнсаванне прыйшло перад судом, калі стала зразумела, што гэта не кіно і ніхто не разбярэцца. Што я паеду ў калонію.
Што было самым складаным?
Было такое ліпкае пачуццё, што ёсць нешта больш страшнае, чым проста смерць. Што проста маёй смерці ім мала, яны атрымоўвалі задавальненне ад здзекаў. Я нібыта адчувала іх узбуджэнне, як яны насалоджваліся маёй слабасцю. Прайшло ўжо больш за тры гады, а у мяне і па сёння гучыць: ты недаробленая, з тваёю харай ні адзін мужык на цябе не скочыць.
Як вы адчувалі сваё цела?
О! Гэта было самым складаным. Я вельмі выразна памятаю, як на адным з допытаў я адчула, што ў мяне нямеюць плечы, яны як бы сталі не маімі. Рукі, тулава, ногі – мае, а вось плечы як бы асобна ад цела. Праз некаторы час падключыліся і рукі, потым паступова адключылася ўсё цела. І толькі галава заставалася маёй, бо я вельмі выразна адчувала, як грукаціць мой пульс па вісках.
Дзе шукалі падтрымкі? Што дазволіла прайсці праз гэта?
Я не разумела, што яны ад мяне хочуць. Яны гаварылі адначасова, ціснулі на мяне падпісаць і прызнацца. Спачатку я проста маўчала. Тады яны пачалі біць. Кулакамі ў жывот. Я была не гатовая да такога, я страціла прытомнасць, апошняе, што я помніла, кінжальны боль справа ў жываце. “Яны хутка даведаюцца, што ты лесбіянка. Паглядзім, як тады загаворыш” – пастаянныя пагрозы сталі за кароткі час звыклай справай. Я нічога не казала, бо асабліва і не было што казаць. Мяне перавялі ў СІЗА, я вельмі баялася суседак, бо пагроз было шмат. Але ўсё аказалася зусім нармальнымі. Мне пачалі прыносіць перадачы, пачалі лісты даходзіць, неяк усё наладзілася, я звыклася з сітуацыяй. Чакала суда, было шмат надзеі і веры. На волі засталася мая каханая, яна мяне моцна падтрымлівала ў СІЗА.
“Тут самыя небяспечныя — тыя, хто ўсьміхаецца і кажа ‘гэта дзеля твайго выхавання’”
Якія вашыя ўспаміны пра калонію?
Усё проста: там усё так збудавана, каб ты перастала адчуваць сябе асобай. Ты мусіш зліцца ў адну масу. Быць не проста зручнай, а проста знікнуць. Павінна існаваць толькі тваё цела, якое ходзіць на фабрыку, працуе. Ніякіх эмоцый, пачуццяў, сяброўства там быць не можа. Цябе там ненавідзяць проста за тое, што ты нарадзілася і трапіла туды.
Ці ёсць асобнае стаўленне там да жанчын ЛГБТК+?
Я б сказала, што там асаблівае стаўленне да палітычных. Яны знаходзяцца на самым нізе. Ад саміх жанчын я не адчувала непавагі ці нейкіх здзекаў. Самымі жорсткімі былі не забойцы, а “набліжаныя”, што і зразумела. Ад іх і былі падставы, прыніжэнні, прыдзіркі. Аднойчы я не вытрымала, заплакала ад яе здзекаў. І здзівілася сама сабе: за тым “шалёным” графікам я забылася, што можна проста паплакаць. Стала лягчэй пасля гэтага.
Падвойная дыскрыміацыя за кратамі як норма
Існуючая пенітэнцыярная сістэма ў нашай краіне з’яўляецца калькай на савецкую. Там проста было немагчыма палажыць у галаву, што чалавек можа быць рознай сэксуальнай арыентацыі. Таму, сёняшніх сурацоўнікаў абсалютна незразумелым з’яўляецца натуральнасць розных праяўленняў сэксуальнасі. Для іх гэта хвароба, якую можна вылечыць менавіта праз выпраўчыя метады жаночай калоніі. Яны так пра гэта прама і заяўляюць. Але яшчэ дадаткова выкарыстоўваюць жаночую сэксуальнасць для ажыцяўлення прэсінгу і ціску. Ніякія міжнародныя нормы, якія прапісваюць правілы і стандарты абыходжання са зняволенымі, у Беларусі сёння практычна не працуюць. Нацыянальнае заканадаўства не прадугледжвае паняцце “дыскрымінацыя”, таксама няма ніякіх згадак пра гендэрныя ці сэксуальныя меншасці. У беларускім заканадаўстве ёсць фармальныя нормы пра «павагу», але няма інструментаў іх выканання, асабліва калі гаворка ідзе пра ЛГБТК+ жанчын.
Адпаведна, няма распрацаваных псіхалагічных механізмаў аказання дапамогі такім жанчынам. Псіхалагічныя размовы ў калоніі па “плану” не проста не працуюць, яны шкодзяць. Пасля пагрому ў 2021м годзе няўрадавых арганізацый у Беларусі практычна не засталося гендарна-чуллівай псіхалагічнай дапамогі. На мой погляд, гэты накірунак псіхалогіі мала развіты ў нашым асроддзі і з’яўляецца перспектыўным да вывучэння і рэалізацыі.