Кропля камень точыць: як змяніць турэмную медыцыну для жанчын

Сярод асноўных накірункаў дзейнасці нашай установы істотнае месца займае правядзенне экспертных даследванняў на асабліва актуальныя тэмы пенітэнцыярнай медыцыны і псіхалогіі. Робім мы гэта не «дзеля галачкі» а для таго, каб даць зацікаўленым асобам – экспертам, правабаронцам, а таксама асобам, якія прымаюць рашэнні ў гэтых сферах, прафесійна абгрунтаваную інфармацыю, якую можна выкарыстоўваць для гуманізацыі пенітэнцыярнай сістэмы Беларусі.

Мы ўжо паведамлялі на сваіх рэсурсах, што нядаўна завяршылі цыкл экспертных даследванняў на тэму захавання права на здароўе зняволеных жанчын у Беларусі. Зацікаўленым нагадваем, што азнаёміцца з вынікамі даследванняў можна вось па гэтай спасылцы: https://doctorsby.com/2025/06/25/13600/

Вынікі працы экспертаў карысныя яшчэ і тым, што акрамя аналізу сітуацыі, разбору найбольш складаных аспектаў праблемы, спецыялісты далі таксама рэкамендацыі, што і як, па іх экспертным меркаванні, можна і трэба змяніць у сістэме пенітэнцыярнай медыцыны і псіхалогіі, каб людзі ў зняволенні адчувалі сябе менавіта людзьмі.

Мы практыкуем накіраванне прац экспертаў у профільныя беларускія структуры, у дадзеным выпадку гэта Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства ўнутраных спраў, Генеральная пракуратура і Дэпартамент выканання пакаранняў. Дзеючая «Дзяржаўная адзіная рэспубліканская інфармацыйная сістэма ўліку і апрацоўкі зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб у Беларусі», калі ў ёй зарэгістравацца ў якасці фізічнай асобы, дае такую магчымасць.

Мы не такія наіўныя, каб разлічваць, што ў сённяшніх акалічнасцях атрымаем з пералічаных структур адказы з удзячнасцю за зробленую працу, за праведзеныя даследванні, што вынікі нашых намаганняў будуць уведзеныя ў практыку або хаця б улічаныя пры фарміраванні пенітэнцыярнай палітыкі і практыкі. Ды і нацыянальнае заканадаўства Беларусі дазваляе дзяржструктурам не даваць адказы на звароты, якія утрымліваюць прапановы (у адрозненне ад скаргаў). Разам з тым наш асабісты досьвед сведчыць, і мы маем таму пацверджанні, што дасланыя матэрыялы спецыялісты ведамстваў вывучаюць, што яны арыентуюцца на нашы высновы і рэкамендацыі, а некаторыя з іх даводзяць да ведама супрацоўнікаў у калоніях.

На гэты раз, як звычайна, мы атрымалі афіцыйныя пацверджанні, што перасланыя намі матэрыялы «прынятыя да ведама». Міністэрства ўнутраных спраў наш зварот зарэгістравала і пераслала яго ў Дэпартамент выканання пакаранняў.

Што ж, кропля камень точыць.
А наша цяперашняя работа – гэта чарговыя цагліны ў фундамент рэфармавання пенітэнцыярнай медыцыны і псіхалогіі. Мы не маем сумневаў, што гэтае рэфармаванне будзе абавязкова праведзенае пасля пераходу краіны да дэмакратычнага ладу і вяршэнства закона.

Contact us

Fill in the form below or give us a call and we'll contact you. We endeavour to answer all enquiries within 24 hours on business days.