Сёння, калі ў турмах Беларусі знаходзяцца тысячы палітвязняў, калі дзесяткі з іх выходзяць на волю, выдвараюцца з краіны і распавядаюць пра жорсткія, часта бесчалавечныя ўмовы ўтрымання ў пенітэнцыярных установах краіны, гэтая тэма знаходзіцца ў цэнтры грамадскай увагі. Аднак вольна ці мімавольна з нашага поля зроку па-ранейшаму выпадае лёс дзесяткаў тысяч «звычайных», не палітычных зняволеных – у якіх умовах адбываюць пакаранне яны? Што робіць сістэма, каб дапамагчы гэтым людзям годна адаптавацца ў грамадстве пасля вызвалення з увязнення? Калі робіць – наколькі эфектыўныя гэтыя меры і намаганні?
Беларускія праваахоўнікі ўжо традыцыйна не публікуюць статыстыку, якая дазваляла б аб’ектыўна ацаніць якасць і эфектыўнасць іх працы. Апошнія даступныя афіцыйныя дадзеныя пра рэцыдыўную злачыннасць змяшчаліся ў статыстычным зборніку Белстата «Правапарушэнні ў Рэспубліцы Беларусь» за 2015 год, дзе прыводзіліся звесткі за 2014 год па асобных відах злачынстваў і долі рэцыдывістаў сярод выяўленых правапарушальнікаў. Пасля гэтага статыстыка рэцыдыўнай злачыннасці з публічнага доступу фактычна знікла, а дзяржаўныя органы абмяжоўваюцца асобнымі фрагментарнымі заявамі пра «зніжэнне рэцыдыўнай злачыннасці» без публікацыі канкрэтных дадзеных. Тым не менш, некаторыя лічбы ўдаецца знайсці ў публікацыях даследаванняў. Так, напрыклад, М. Андрэасян, магістрант ВДУ імя П.М. Машэрава, г. Віцебск, у артыкуле «Рэцыдыўная злачыннасць у Рэспубліцы Беларусь: тэндэнцыі і дэтэрмінанты» згадвае, што «…судовая статыстыка сведчыць пра яшчэ больш высокую ўдзельную вагу (да 40%) раней судзімых сярод асоб, якія штогод асуджаюцца да крымінальнага пакарання» (як можна зразумець, дадзеныя за 2023 год).
Чаму жанчынам цяжэй
Вяртанне ў грамадства — працэс складаны для ўсіх, але ў жанчын тут свая, яшчэ больш вострая спецыфіка. Былыя зняволеныя сутыкаюцца не толькі са стандартнымі праблемамі, але і з чыста гендэрнымі бар’ерамі:
- цяжкай сацыяльнай стыгматызацыяй;
- спецыфічнымі праблемамі са здароўем;
- стратай сямейных сувязяў;
- высокай рызыкай патрапіць у залежнасць ад небяспечнага асяроддзя;
- адсутнасцю жылля і працы.
Пры гэтым сама праблема застаецца нябачнай. Актуальнай адкрытай інфармацыі пра становішча жанчын у беларускай пенітэнцыярнай сістэме і пасля яе проста няма. Апошнія дадзеныя пра структуру зняволеных адносяцца да 2018 года. Паводле наяўных ацэнак, жанчыны складаюць каля дзясятай часткі ад агульнай колькасці асуджаных. Але колькі іх вызваляецца кожны год і ў чым менавіта яны маюць патрэбу — невядома.
Мы запланавалі шэраг публікацый па тэме рэсацыялізацыі былых зняволеных у Беларусі. У гэтых матэрыялах мы разбяром, з якімі праблемамі жанчыны сутыкаюцца пасля калоніі, дзе яны шукаюць дапамогу і чаму дзяржаўная падтрымка часта не працуе ў самы крытычны момант. Мы хочам паказаць не проста сістэмныя збоі, а рэальныя гісторыі і маршруты выхаду з крызісу. Галоўная мэта — вярнуць гэтую тэму з перыферыі грамадскай увагі.
Адаптацыя пачынаецца за калючым дротам
Дапамога ў адаптацыі — гэта не дабрачынны дадатак да турэмнага тэрміну, а базавы механізм грамадскай бяспекі. Жанчыны вяртаюцца з калоній у канкрэтную рэальнасць: ім трэба недзе жыць, нанова рабіць дакументы, шукаць працу, займацца здароўем і наладжваць адносіны з блізкімі. Калі ў гэты момант яны застаюцца адны, рызыка сарвацца і здзейсніць новае злачынства становіцца не проста асабістай драмай, а заканамерным правалам дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі.
У даследаванні лекара-псіхіятра і праваабаронцы Васіля Завадскага падкрэсліваецца: гэты працэс павінен быць накіраваны на аднаўленне страчаных сацыяльных функцый і навыкаў жыцця сярод людзей.
Прычым гэтая праца не павінна пачынацца ў дзень вызвалення — тады ўжо позна. За гады ў калоніі чалавек губляе самастойнасць. Распарадак дня, ежа, праца, побыт — усё вырашана за яго. У выніку на волю часта выходзіць не «выправіўшыся грамадзянін», а чалавек, якому трэба нанова вучыцца элементарным бытавым рэчам. Сапраўдная падрыхтоўка павінна ісці яшчэ ў папраўчай установе: праз удзел у вучобе, атрыманне прафесіі, псіхалагічную падтрымку і захаванне сувязяў з сям’ёй, а не праз фармальны прымус.
Праца, жыллё і бюракратыя
Асобная праблема — працаўладкаванне. Наяўнасць працы — галоўны фактар, які ўтрымлівае ад рэцыдыву. Але праца ў калоніях рэдка выконвае гэтую функцыю. Калі праца ўспрымаецца як прыніжальная, бессэнсоўная і амаль не аплачваецца, яна толькі ўзмацняе адчужэнне. Людзям патрэбна прафесія, якая запатрабаваная на рынку працы на волі, празрыстая аплата і разуменне, што законны заробкам — гэта аснова незалежнасці.
Не менш важныя базавыя рэчы: жыллё, дакументы і першая матэрыяльная дапамога. Для жанчыны, якая толькі што пакінула калонію, адсутнасць пашпарта або рэгістрацыі становіцца непераадольнай сцяной. Без дакументаў нельга аформіць дапамогу, уладкавацца на працу ці пайсці да лекара.
Практыка паказвае, што амаль усе вызваленыя востра маюць патрэбу ў псіхалагічным суправаджэнні. У многіх ёсць залежнасці, якія ва ўмовах стрэсу хутка зацягваюць чалавека назад у крымінальнае або маргінальнае асяроддзе.
Пры гэтым тое, што службы дапамогі існуюць «на паперы», яшчэ не азначае, што да іх можна дабрацца. Жанчына пасля вызвалення часта разгубленая, у яе няма грошай, сувязяў і разумення, як праходзіць бюракратычныя колы. У выніку сістэма падтрымкі часта аказваецца недаступнай менавіта ў першыя дні і тыдні, калі яна патрэбней за ўсё. Гэта час самай высокай рызыкі: бяздомнасці, вяртання да дамашняга гвалту, нелегальнай працы і, як следства, новага турэмнага тэрміну.
Што неабходна змяніць?
Дапамога жанчынам павінна быць комплекснай і сугуба практычнай. Яна павінна складацца са зразумелых крокаў:
- індывідуальнае суправаджэнне;
- юрыдычная дапамога ў аднаўленні дакументаў;
- доступ да лекараў і псіхолагаў;
- рэальнае садзейнічанне ў пошуку працы;
- забеспячэнне базавымі рэчамі (адзенне, абутак);
- прадастаўленне часовага жылля.
Патрэбна не разавая дабрачыннасць, а працуючы маршрут вяртання чалавека ў нармальнае жыццё.
Падтрымка былых зняволеных — гэта інвестыцыя ў агульную бяспеку. Грамадства можа працягваць бачыць у гэтых жанчынах толькі пагрозу, падштурхоўваючы іх назад на ўзбочыну. Але ёсць іншы шлях — патрабавальная, але чалавечная сістэма, дзе пакаранне за злачынства не пазбаўляе права на аднаўленне. Чым хутчэй дзяржава і грамадства дапамогуць жанчыне адаптавацца на волі, тым менш шанцаў, што яна зноў апынецца за кратамі.