Выхад на волю пасля гадоў у зняволенні – гэта не проста доўгачаканы момант свабоды, але і пачатак новага вельмі складанага выпрабавання. Часта жанчына апынаецца на свабодзе без дакументаў, працы, жылля, грошай, часам нават і падтрымкі сям’і, сутыкаючыся з неабходнасцю адначасова вырашаць дзясяткі бытавых, юрыдычных і псіхалагічных праблем.
Крок 1: Базавая бяспека, дах над галавой і начлег
Калі жанчыне няма куды ісці і дзе пераначаваць, першачарговая мэта – знайсці бяспечнае месца.
Можна звярнуцца ў цэнтры часовага пражывання асоб без пэўнага месца жыхарства, якія ёсць у кожным абласным горадзе і некаторых раённых цэнтрах.
Што там прапануюць: Бяспечны начлег (з 18:00 да 08:00), цёплаю вячэру, магчымасць памыцца, выпраць рэчы, атрымаць дапамогу з першасным медаглядам і аднаўленнем дакументаў.
З умоваў: Неабходна быць у цвярозым стане.
Атрымаць дапамогу можна нават без дакументаў і без мясцовай прапіскі. Некаторыя адрасы і кантакты цэнтраў вы бачыце ніжэй (націсніце, каб павялічыць памер відарысаў).




Крок 2: Аднаўленне дакументаў
Пашпарт – аснова для ўсіх наступных крокаў (праца, дапамогі, медыцына). Калі ёсць магчымасць аплаты пошліны (адна базавая велічыня): Звяртайцеся ў Аддзел па грамадзянству і міграцыі па месцы жыхарства.
Калі грошай няма: Звяртайцеся ў Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва або ў Цэнтр часовага пражывання. Там супрацоўнічаюць з валанцёрамі і могуць дапамагчы аднавіць дакументы бясплатна.
Крок 3: Афармленне сацыяльнай дапамогі і служба занятасці
Калі на працягу месяца пасля вызвалення жанчына працаўладкавалася або зарэгістравалася як беспрацоўная ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, яна мае право на дзяржаўную адрасную сацыяльную дапамогу.
Калі сярэдні даход на члена сям’і ніжэйшы за бюджэт пражытачнага мінімуму, зарэгістраваная беспрацоўная мае права на матэрыяльную падтрымку.
Крок 4: Медыцынская і псіхалагічная дапамога
У паліклініцы па месцы жыхарства пры неадкладных станах (вострыя болі, высокая тэмпература) дапамогу мусяць аказаць нават без дакументаў. У Цэнтрах часовага пражывання таксама накіроўваюць на безкаштоўны медагляд.
Без аплаты патрапіць на прыём псіхолага прапануюць Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і паліклінікі. У шматлікіх ТЦСАН працуюць спецыяльныя групы сацыяльнай рэабілітацыі і падтрымкі для былых зняволеных.
Таксама існуюць кругласутачныя бясплатныя тэлефоны даверу:
Кароткі нумар: 133
Тэлефоны: 8-017-311-00-99, 8-029-899-04-01 (МТС, Telegram, Viber, WhatsApp), 8-029-101-73-73 (A1).
Крок 5: Пошук працы і прафесійная інтэграцыя
Куды звяртацца: У службы занятасці і ТЦСАН. Там дапамогуць падбраць вакансіі, прапануюць праграмы перанавучання ці павышэння кваліфікацыі.
Некаторыя ТЦСАН прапануюць варыянты часовай працы з аплатай у канцы працоўнага дня, прычым пачаць яе часам можна яшчэ да аднаўлення пашпарта.
На першым этапе варта разглядаць простыя вакансіі з навучаннем на месцы, каб паступова аднавіць фінансавую стабільнасць, рытм жыцця і ўпэўненасць у сабе.
Працэс рэсацыялізацыі – гэта не аднаразовы акт, а паслядоўны рух – крок за крокам. Дапамога былым вязынкам патрабуе аб’яднання намаганняў дзяржаўных структур, грамадскіх арганізацый, нават цэркваў і проста неабыякавых людзей. Сваечасова працягнутая рука дапамогі дае жанчыне магчымасць вярнуцца да нармальнага жыцця (у тым ліку аднавіць мацярынства).