Былая палітзняволеная і праваабаронца Марфа Рабкова, якая адбывала пакаранне ў жаночай калоніі, падрабязна апісала сістэму арганізацыі працы асуджаных. Яе сведчанні руйнуюць папулярны стэрэатып пра тое, што зняволеныя жывуць на падаткі грамадзян. Паводле слоў Рабковай, жанчыны не толькі цалкам акупляюць дзяржаўныя затраты на сваё ўтрыманне, але і прыносяць дадатковы прыбытак.
«Я заўсёды востра рэагую на каментарыі, калі пішуць людзі, што вот, зняволеныя — яны [утрымліваюцца] на нашы падаткі. Я магу з дакладнасцю сказаць, што не. Яны не толькі сябе акупляюць, яны яшчэ даюць вольныя сродкі, якія кудысьці трацяцца», — падкрэслівае праваабаронца.
Аплата працы: ад 4 капеек да 70 рублёў
Сістэма налічэння заработнай платы на вытворчасці ўладкавана складана і шматступеньчата. На пачатковым этапе заробак асуджаных мінімальны. Марфа ўспамінае, што за свой першы працоўны дзень ёй налічылі 17 капеек, з яких на рукі яна змагла атрымаць толькі 25% — 4 капейкі. Цягам першых трох месяцаў жанчына лічыцца вучаніцай: у гэты перыяд заробак складае 2–3 рублі, з якіх на асабісты рахунак пераводзіцца каля 50 капеек.
Выніковая аплата залежыць не ад індывідуальных намаганняў, а ад выпрацоўкі ўсёй брыгады і колькасці цалкам прынятых гатовых вырабаў за дзень. Гэта спараджае канфлікты ўнутры калектыву: жанчыны, якія хочуць зарабіць, патрабуюць высокай хуткасці ад тых, хто працуе павольна або не хоча шыць.
Магчымасці павялічыць даход моцна абмежаваныя, асабліва для палітычных зняволеных. У калоніі існуюць дадатковыя працоўныя змены («разнарадкі»), на яких можна зарабіць больш, аднак зняволеным з «экстрэмісцкім» статусам яны былі забароненыя. Пры гэтым людзі, унесеныя ў спісы «тэрарыстаў», пазбаўлены права атрымліваць грашовыя пераводы ад блізкіх.
«Мой найлепшы заробак на швейнай вытворчасці за ўсе гэтыя гады, які я атрымала на рукі — гэта было 70 рублёў. Але я шмат пашыла і добра шыла, і гэта трэба было вельмі моцна працаваць на змене. Я, вядома, была ў гэтым зацікаўленая, бо мне хацелася гародніны, садавіны, малочных прадуктаў… Калі ты атрымліваеш за месяц адзін рубель, ты ідзеш у краму і вельмі шмат разважаеш, што ж купіць за гэтыя сродкі», — дзеліцца Рабкова.
Умовы на вытворчасці: невыносная спёка і маторы, якія гараць
Акрамя нізкіх заробкаў, жанчыны сутыкаюцца з цяжкімі ўмовамі працы. У перыяды, калі частка цэхаў зачынялася на рамонт, швейныя машынкі выстаўлялі ў праходах, ствараючы цеснату і нястачу прасторы.
Крытычным фактарам з’яўляецца летняя спёка. Паводле назіранняў Рабковай, тэрмаметры ў цэхах не фіксуюць рэальных значэнняў.
«Спёка там, вядома, каласальная. Там ёсць градуснікі, але мне здаецца, што гэта чароўныя градуснікі, у якіх ртуць падымаецца толькі да пэўнага моманту, а далей яна не рухаецца. Было смешна, калі абсталяванне не вытрымлівала, а людзі вытрымлівалі. То бок ужо гарэлі машынкі, гарэлі маторы, альбо абсталяванне пачынала працаваць з відавочнымі заганамі, таму што яно перагрэтае. А зняволеныя ўпарта шылі», — апісвае ўмовы праваабаронца.
Чалавечы фактар як аснова выжывання
Нягледзячы на цяжкія ўмовы, атмасфера на вытворчасці моцна залежыць ад брыгадзіраў і настаўнікаў. Пры адэкватным кіраўніцтве жанчыны маглі адаптавацца і нават знаходзіць задавальненне ў працы. Пры неўранаважаных настаўніках працэс навучання суправаджаўся знявагамі. Сама Марфа таксама была настаўніцай на фабрыцы.
«Мне неяк так спецыяльна далі чалавека з інваліднасцю. У яе не працавала левая рука… Яны даволі-такі здзекліва: ну давай, Рабкова, пакажы свае педагагічныя навыкі. І мая дзяўчына пачала шыць лепш, чым людзі, пра якіх лічылася, што яны мусяць хутчэй зразумець, як гэта рабіць. У мяне быў чалавек украй асоцыяльнага спосабу жыцця, яшчэ з непрацоўнай рукой. І яна ў мяне паспяхова пачала шыць — проста таму, што па-добраму да яе ставіліся», — распавядае Марфа.