Даследаванне «Псіхалагічная дапамога ў турмах Беларусі: аналіз практык і абмежаванняў» прысвечана комплекснаму вывучэнню сістэмы аховы псіхічнага здароўя ў пенітэнцыярных установах краіны. Грунтуючыся на аналізе нарматыўна-прававой базы, міжнародных стандартаў і сведчаннях былых зняволеных (у тым ліку вызваленых у 2024–2026 гадах палітвязняў), псіхалагіня Вольга Вялічка выкрывае глыбокі разрыў паміж дэклараванымі мэтамі псіхалагічнай падтрымкі і рэальнай пенітэнцыярнай практыкай. Публікацыя аналізуе ключавыя бар’еры, з якімі сутыкаюцца вязні ва ўмовах працяглага стрэсу і ізаляцыі, а таксама ацэньвае даступнасць дапамогі для розных уразлівых груп.
Галоўны акцэнт даследавання зроблены на сістэмных супярэчнасцях беларускай мадэлі, дзе турэмны псіхолаг адначасова выступае ў ролі спецыяліста па падтрымцы і супрацоўніка органаў кантролю. Адсутнасць гарантый канфідэнцыйнасці, выкарыстанне вынікаў гутарак для падрыхтоўкі адміністрацыйных характарыстык і недахоп траўмаарыентаваных падыходаў разбураюць давер да псіхалагічнай службы. Аўтарка прапануе практычныя рэкамендацыі па рэфармаванні сістэмы, падкрэсліваючы неабходнасць раздзялення тэрапеўтычных і кантрольных функцый, забеспячэння незалежнасці экспертаў і стварэння праграм доўгатэрміновай рэабілітацыі пасля вызвалення.