Праваабарончая ўстанова “Лекары за праўду і справядлівасць” ладзіць праект “У турмы не жаночае аблічча”, які прысвечаны абароне правоў жанчын у беларускіх турмах, найперш – права зняволеных жанчын на здароўе. Мэта ініцыятывы – прыцягнуць увагу грамадскасці да праблем, з якімі сутыкаюцца жанчыны за кратамі ў Беларусі, і спрыяць рэформам, якія палепшаць іх становішча.
Чаму гэта важна?
Мы атрымліваем шмат інфармацыі, што беларускія жанчыны ў месцах пазбаўлення волі сутыкаюцца з шэрагам сур’ёзных выклікаў:
- Праблемы з медыцынскай і псіхалагічнай дапамогай. Асабліва востра стаіць пытанне забяспячэння рэпрадуктыўнага здароўя, і лячэння хранічных захворванняў, прафілактыкі і пераадолення псіхалагічных стрэсаў.
- Сістэмны ціск і катаванні. Жанчыны ўтрымліваюцца ў перапоўненых камерах, нярэдка зазнаюць псіхалагічны і нават фізічны гвалт, а за найменшыя парушэнні змяшчаюцца ў бесчалавечныя ўмовы штрафных ізалятараў (ШІЗА).
- Ігнараванне асаблівых патрэб. Умовы ўтрымання ў зняволенні арыентаваныя на мужчын і часта не ўлічваюць базавых патрэб жанчын, асабліва цяжарных і маці з дзецьмі. Праблемай з’яўляецца забяспячэнне нават элементарных гігіенічных патрэбаў зняволеных жанчын.
На сёння ў беларускіх турмах утрымліваецца 158 палітзняволеных жанчын. Вядома, што некаторыя з іх маюць сур’ёзныя праблемы са здароўем, але своечасовай і эфектыўнай медыцынскай дапамогі не атрымліваюць.
Што мы робім?
Наш праект накіраваны на:
- Даследаванне рэальных умоў утрымання жанчын у турмах. Мы аналізуем выпадкі парушэнняў і сістэмныя праблемы.
- Адвакатаванне гісторый зняволеных жанчын. Мы надаём голас тым, каго не чуюць, каб грамадскасць і міжнародная супольнасць даведаліся пра іх лёсы.
- Супраца з праваабаронцамі і экспертамі. Мы абмяркоўваем і даследуем магчымасці рэформаў з улікам досведу іншых краін.
Чаму мы верым у змены?
Наша ініцыятыва – гэта адзін з крокаў да таго, каб зняволеныя жанчыны атрымалі права на здароўе, павагу і годнае стаўленне. Мы верым, што праз асвету, супрацоўніцтва і грамадскае ўздзеянне можна змяніць сітуацыю.
Запрашаем вас далучыцца да праекта, дзяліцца нашымі матэрыяламі і падтрымліваць працу «Лекараў за праўду і справядлівасць». Разам мы можам спрыяць таму, каб турмы перасталі быць месцам сістэмнага гвалту над жанчынамі.
Для больш падрабязнай інфармацыі звяртайцеся:
Электронная пошта: [email protected]
Мы ў сацыяльных сетках: Telegram, Facebook, Telegram-бот
Гэты праект мае значэнне для кожнага, хто верыць у правы чалавека і справядлівасць. Далучайцеся і зрабіце свой унёсак у змяненне лёсаў!