
Нядаўна стала вядома аб пагрозе жыццю палітзняволенай Вікторыі Кульшы. Па сведчаннях былой палітзняволенай Паліны Шарэнда-Панасюк, Вікторыя ўжо некалькі год утрымліваецца ў цяжкіх умовах, што ў спалучэнні з сур’ёзнымі праблемамі са здароўем і адсутнасцю належнай медыцынскай дапамогі прывяло да крытычнага пагаршэння яе стану. Сузаснавальнік установы «Лекары за праўду і справядлівасць» Васіль Завадскі адзначае, што працяглае пазбаўленне свежага паветра, сонечнага святла, неадэкватнае харчаванне і пастаянны стрэс аказваюць разбуральнае ўздзеянне на арганізм. Праваабаронца заклікае звярнуць увагу на неабходнасць гуманнага стаўлення да зняволеных і захавання медыцынскіх стандартаў.
Паліна Шарэнда-Панасюк паведамляе, што Вікторыя Кульша ўтрымліваецца ва ўмовах ізаляцыі.
«На сённяшні момант мне вядома тое, што Вікторыю, як і мяне чатыры гады, трымаюць без свежага паветра, без сонца, перакрыты доступ лекаў, вітамінаў ад сваякоў», – распавядае Паліна.
Палітзняволеная вымушаная вытрымліваць ў месцах пазбаўлення волі моцны псіхалагічны ціск і некалькі разоў распачынала галадоўкі ў якасці пратэсту супраць бесчалавечных умоў утрымання.
«З 2022 году я сведка таго, як яна трымае перманентна гэтыя галадоўкі, якія ўжо ў 2024 годзе сканчваліся стратай прытомнасці і дыягназам лекараў у гэтым Зарэччы, што гэта ўжо пачынаюць адмаўляць ныркі», – кажа Паліна Шарэнда-Панасюк.
Васіль Завадскі падкрэслівае, што працяглая галадоўка ўяўляе сур’ёзную пагрозу для здароўя, асабліва для чалавека, які знаходзіцца ва ўмовах хранічнага стрэсу. Важным фактарам з’яўляецца і арганізацыя выхаду з галадоўкі, што патрабуе прафесійнага медыцынскага нагляду і цеснага супрацоўніцтва паміж лекарам і пацыенткай.
«Зразумела, адна справа, калі ад прыняцця ежы адмаўляецца чалавек, які важыць 100 кілаграмаў і ўмоўна фізічна здаровы. Іншая справа, калі гэта ўжо чалавек, які знаходзіцца ў пастаянным хранічным стрэсе, які доўгі час знаходзіцца ў зняволенні, які мае іншыя хваробы. Але калі казаць увогуле, гэта даволі доўгі працэс, які вымагае супрацоўніцтва лекара з хворым чалавекам. І канешне, тут вельмі важна якраз вось гэта супрацоўніцтва. Гэта даволі складана здзейсніць ва ўмовах пенітэнцыярнай сістэмы, калі вязень адчувае не проста антыпатыю з боку прадстаўнікоў адміністрацыі, у тым ліку нярэдка і да лекараў», – каментуе лекар.
Паліна Шарэнда-Панасюк паведамляе аб наяўнасці ў Вікторыі гінекалагічных праблем, якія прыводзілі да крывацёкаў. Акрамя таго, ёсць інфармацыя аб праблемах з сэрцам.
«У такім стане чалавека прымушаюць цягаць рэчы, таксама катуюць гэтымі этапамі шматтыднёвымі. Катуюць тым, што яна ізноў з ШІЗА ў СІЗА, з ШІЗА ў СІЗА, то бок чалавек нават на свежае паветра не выходзіць. Усё разам – гэта дабіванне, знішчэнне чалавека», – кажа Паліна.
На думку праваабаронцы, такія этапаванні, асабліва ў сучасных умовах, можна разглядаць як форму псіхалагічнага і фізічнага гвалту і нават катавання ў дачыненні да жанчын, улічваючы неабходнасць пераноскі цяжкіх рэчаў і наяўнасць спецыфічных праблем са здароўем.
«Зараз тыя ўмовы, у якіх этапіруюць, перавозяць палітвязняў, я б назваў не толькі псіхалагічным, але і фізічным катаваннем. Нярэдка вязні паведамляюць пра тое, што іх этапіруюць у кайданках, нават не дазваляюць, напрыклад, наведваць туалет. Гэта таксама можна казаць як форма катавання ў сучасных умовах. Асабліва калі ўлічыць, што гэта жанчына і яна вымушаная ў гэтых умовах этапіравання знаходзіцца. Па-першае, чалавек вязе з сабой усе свае рэчы, бо яго неабавязкова ставяць да ведама куды ён паедзе. Часта гэта цяжкія [рэчы], іх там канвой падганяе, там [у этапе] ёсць свае патрабаванні. А калі яшчэ, як вот у дадзеным выпадку мы маем інфармацыю пра праблемы са здароўем, пра гінекалагічныя праблемы, калі жанчыне ўвогуле нельга падымаць цяжкія рэчы. І цяжкія гэта не 15-20 кілаграмаў увогуле, а часта бывае нават і пяць кілаграмаў лекары забараняюць падымаць. А калі ёсць яшчэ крывацёкі, то можаце ўявіць сабе ўсю гэтую карціну. Што гэта, як не катаванне?», – падкрэслівае Васіль Завадскі.
Праваабаронца адзначае, што звычайна лекары ставяцца нармальна да пацыентаў. Але зараз, на жаль, ўсё больш такіх сігналаў, што ёсць галосная ці негалосная каманда ставіцца асабліва жорстка да палітвязняў. Лекарам складана супрацьстаяць гэтаму ціску.
«Я ўсё-такі заклікаў бы маіх калегаў выконваць сваю гуманістычную функцыю і заставацца лекарамі, сапраўды наладжваць гэта супрацоўніцтва з вязнямі, нават калі яны не заўсёды на гэта настроены. Трэба разумець і псіхалогію вязня, які супраць нечага пратэстуе, калі ідзе на такі крок – адмову ад прыняцця ежы. Усе мы разумеем, і вязень таксама, хутчэй за ўсё, разумее, што гэта пагроза яго здароўю, а часам жыццю. Таму хто, як не лекар, павінен зразумець псіхалагічны стан свайго пацыента і наладжваць гэта супрацоўніцтва», – кажа Васіль Завадскі.
З прафесійнага і жыццёвага досведу эксперта ў такіх выпадках, калі ёсць пагроза жыццю чалавека, безумоўна, трэба званіць ва ўсе званы. Па-першае, звяртацца ў Дэпартамент выканання пакаранняў і пісьмова, і асабіста на прыём. Па-другое, у Генеральную пракуратуру, па-трэцяе, у Міністэрства аховы здароўя.
«І заклікаю сваякоў [зняволеных] у такіх выпадках нават не пісаць, а проста ехаць у Міністэрства аховы здароўя і патрабаваць умяшацца, калі ёсць такія выпадкі пагрозы жыццю і здароўю вязняў», – падкрэслівае Васіль Завадскі.
Напомнім, Вікторыя Кульша – беларуская палітзняволеная, якая працавала інжынерам па ахове працы і мае юрыдычную адукацыю. Яна была затрымана 4 лістапада 2020 года за адміністраванне чата «Водители 97%». За час знаходжання ў зняволенні Вікторыя 92 дні правяла ў ШІЗА і 6 месяцаў у ПКТ. Таксама стала вядома, што пасля некалькіх галадовак у яе было два сардэчныя прыступы.
Вікторыі неаднаразова працягвалі тэрмін па артыкуле 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі), і па стане на красавік 2025 года ёй прызначана агулам 5 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі. У красавіку 2025 года яе перавялі ў Гомельскі СІЗА-3 у межах чацвёртай крымінальнай справы па 411 артыкуле. У знак пратэсту супраць незаконнага ўтрымання пад вартай Вікторыя Кульша абвясціла бестэрміновую галадоўку.
