
Калі гаворка заходзіць аб медыцынскім забеспячэнні людзей у месцах пазбаўлення волі, многія беларусы і асабліва жанчыны, сутыкаюцца з велізарнай колькасцю пытанняў і праблем. Лекар і праваабаронца Васіль Завадскі пралівае святло на трывожную сітуацыю, указваючы на ключавую ролю і, на жаль, бяздзейнасць Міністэрства аховы здароўя.
«Міністэрства аховы здароўя – у мяне ёсць падставы гэта сцвярджаць – самаўхілілася зараз ад выканання сваіх функцый па дапамозе ў арганізацыі медыцынскага абслугоўвання людзей, якія знаходзяцца ў зняволенні», – падкрэслівае Васіль Завадскі.
Гэта сцвярджэнне асабліва важнае, бо, па словах эксперта, кампетэнцыі Міністэрства аховы здароўя дакладна прапісаныя ва ўсіх яго нарматыўных актах: «кантроль, узаемадзеянне, каардынацыя, арганізацыя медыцынскай дапамогі людзям незалежна ад таго, дзе яны знаходзяцца. Гэта абавязак Міністэрства аховы здароўя». Іншымі словамі, незалежна ад таго, знаходзіцца чалавек у бальніцы, дома або ў турме, менавіта Міністэрства аховы здароўя павінна забяспечваць яго права на медыцынскую дапамогу.
Як выяўляецца гэтае “самаўхіленне”?
Праваабаронца Васіль Завадскі прыводзіць паказальны прыклад, які ілюструе, як ведамства ігнаруе свае прамыя абавязкі. Нядаўна з’явілася інфармацыя аб прыняцці новага нарматыўна-прававога акта, які рэгулюе медыцынскае забеспячэнне зняволеных. Такія дакументы распрацоўваюцца сумесна Міністэрствам аховы здароўя і Міністэрствам унутраных спраў.
Каб праясніць сітуацыю, Васіль Завадскі звярнуўся ў Міністэрства аховы здароўя з афіцыйным запытам, папрасіўшы ўказаць, які нарматыўны акт зараз рэгулюе медыцынскае забеспячэнне ў месцах пазбаўлення волі. Вынік шакуе: «чыноўнікі Міністэрства аховы здароўя не здолелі проста адказаць на гэтае пытанне. Яны пераслалі мой зварот у дэпартамент выканання пакаранняў».
«Што тады казаць увогуле, калі яны не ведаюць нарматыўных актаў, якія Міністэрства аховы здароўя прымае самастойна ці ва ўзаемадзеянні з іншымі. Што тады казаць пра ўдзел у выкананні гэтых нарматыўных актаў?», – каментуе Васіль Завадскі. На яго думку, гэта відавочная прыкмета таго, што Міністэрства аховы здароўя ня толькі не кантралюе, але нават не валодае інфармацыяй аб уласным полі адказнасці.
Што рабіць, калі жыццё пад пагрозай?
Пры такой пазіцыі Міністэрства аховы здароўя ўзнікае заканамернае пытанне: што рабіць сваякам зняволеных, калі гаворка ідзе пра пагрозу здароўю або жыццю блізкага чалавека?
Васіль Завадскі настойліва рэкамендуе дзейнічаць максімальна рашуча:
- звяртацца пісьмова і асабіста на прыём у Дэпартамент выканання пакаранняў;
- накіроўваць звароты ў Генеральную пракуратуру і ў Міністэрства аховы здароўя або таксама звяртацца ў гэтыя ведамствы асабіста.
Праваабаронца звяртае ўвагу: «Абавязак гэты ёсць у Міністэрства аховы здароўя, я падкрэсліваю».
«Па ўласным досьведзе ведаю – такія захады працуюць», – дадае В. Завадскі.
