
У 2025 годзе ў Беларусі працягваецца крымінальны пераслед жанчын па палітычных матывах. Пад рэпрэсіі трапляюць прадстаўніцы розных узростаў і прафесій: ад лекарак і пенсіянерак да блогерак і мнагадзетных маці. У дачыненні да іх выкарыстоўваюцца розныя артыкулы Крымінальнага кодэксу, аднак звычайна жанчын судзяць за ўдзел у пратэстах, «распальванне сацыяльнай варожасці», «заклікі да санкцый» і «абразу прэзідэнта».
Найчасцей у дачыненні да жанчын у 2024 годзе прымяняліся наступныя артыкулы Крымінальнага кодэксу:
Артыкул 342: «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Сярод беларусаў і праваабаронцаў гэты артыкул мае назву «народны», бо ён часта выкарыстоўваўся для пераследу ўдзельніц мірных пратэстаў і дэманстрацый.
Па гэтым артыкуле было асуджана не меньш 20 жанчын. Найчасцей ім прысуджалі абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатнюю хімію»). Напрыклад, 30 студзеня ў судзе Першамайскага раёна Мінска паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса асудзілі Алену Шарафановіч. Аднак, дакладны тэрмін праваабаронцам невядомы. Алена — адна з найлепшых дзіцячых анкалагіняў Беларусі, у медыцынскіх чатах і суполках немагчыма ніводнага негатыўнага водгуку пра яе ад пацыентаў.
Вядома, што па «народным» артыкуле за ўдзел у пратэстах асудзілі 73-гадовую мінчанку Алену Панкратаву і меркавана прызначылі «хатнюю хімію». Алена вучылася ў БДУ. Цяпер на пенсіі. Яна вядзе вельмі актыўнае жыццё — ходзіць у тэатры, на выставы і лекцыі, а таксама падарожнічае.

30 траўня 2025 года 78-гадовую пенсіянерку Ніну Багінскую прызналі вінаватай у «неаднаразовым парушэнні закону аб правядзенні масавых мерапрыемстваў» (яе абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 342-2 КК), але замест пакарання прызначылі «прафілактычнае назіранне».
Аднак былі выпадкі, калі па «народным» артыкуле жанчынам прысуджалі пазбаўленне волі. Так палітзняволеную блогерку і актывістку Паліну Зыль асудзілі паводле арт. 342 КК за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020-м годзе і прызначылі адзін год калоніі. А шматдзетная маці Ганна Папай атрымала 2,5 гадоў пазбаўлення волі. Яе асудзілі па трох артыкулах — «Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцыям), іншым дзеянням, скіраваным на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь» (ч. 3 арт. 361 КК), «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці ці розні» (ч. 1 арт. 130 КК) і «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» (ч. 1 арт. 342 КК). Пасля прысуду Ганну дадалі ў спісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў».
Артыкул 361: «Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцыям), іншым дзеянням, скіраваным на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь». Абвінавачанні па гэтым артыкуле падаваліся за выказванні ці дзеянні, якія прадстаўнікі ўлады лічылі скіраванымі да ўведзення санкцыяў іншымі краінамі ў дачыненні да Беларусі.
Сёлета акрамя Ганны Папай, паводле ч. 3 арт. 361 КК былі асуджаны супрацоўніцы кампаніі «Пеленг» Карына Праташчык (13 лютага 2025 ёй прысудзілі два гады пазбаўлення волі) і Ірына Суржык (да 1 года і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму). Жанчыны знаходзяцца ў пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці. А Ірыну КДБ унеслі і ў “спіс тэрарыстаў”.
Па гэтай жа частцы была асуджана Лідзія Горахава, але сутнасць абвінавачанняў незразумелая. 30 траўня 2025 года Лідзія была ўнесена ў пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці. 9 чэрвеня 2025 г. КДБ дадаў яе ў “спіс тэрарыстаў”. Лідзія Горахава родам з Магілёва, вучылася ў ліцэі №1 на філалагічным профілі, скончыла яго ў 2011 годзе. Далей пераехала ў Мінск і вучылася ў Вышэйшым дзяржаўным каледжы сувязі (цяпер — Беларуская дзяржаўная акадэмія сувязі) па дзвюх спецыяльнасцях — тэхнік паштовай сувязі і маркетолаг-эканаміст. Пасля завочна адвучылася на эканаміста. Працавала менеджарам па продажах у розных кампаніях у Мінску. Мяркуючы па сацсетках, дзяўчына захапляецца касплэем і фатаграфуецца ў розных вобразах, якія стварае сама. Таксама яна любіць маляваць і дзеліцца сваімі малюнкамі.
4 лютага 2025 года стаматалагіня з Віцебску Алена Елькіна была асуджана паводле ч. 1 арт. 361-1 КК («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім») і ч. 3 арт. 361 КК. Алене прысудзілі пазбаўленне волі ў калоніі агульнага рэжыму, аднак тэрмін невядомы. 4 красавіка 2025 года жанчына была ўнесена ў пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці. А 9 красавіка 2025 г. КДБ унеслі Алену ў “спіс тэрарыстаў”.

Падобная гісторыя ў пульманалагіні Алены Рудой. Мінскую лекарку з 30-гадовым стажам адправілі ў калонію па трох палітычных артыкулах: ч. 3 арт. 361 КК, ч. 3 арт. 361-1КК («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім»), ч. 1 арт. 368 КК («Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь»). Мінімальнае пакаранне, якое Алене пагражала па іх, 4 гады калоніі, піша «Наша Ніва». Алена Рудая скончыла Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт (1992). Працавала ў 10-й бальніцы Мінска (1992-2022), загадвала аддзяленнем.
Артыкул 361-4: «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Гэты артыкул прадстаўнікі ўлады пачалі актыўна выкарыстоўваць пасля 2020 года. Часцей за ўсё па ім абвінавачваюць людзей, якія адпраўляюць інфармацыю ў бот для сувязі з незалежнымі СМІ (прызнанымі экстрэмісцкімі ў Беларусі) ці даюць ім інтэрв’ю.
Таццяну Васільеву (маці палітзняволенай Юліі Лаптановіч) яшчэ ў снежні 2024 года асудзілі паводле ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу ў Брэсцкім абласным судзе. Суддзя Мікалай Сянько пакараў яе 2 гадамі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»). 25 лютага 2025 г. адбыўся разгляд апеляцыйнай скаргі ў Вярхоўным судзе (старшыня судовай калегіі Эдгар Марцірасян). У выніку прысуд пакінулі без зменаў.
11 лютага 2025 года 60-гадовую палітзняволеную Наталлю Ладуцьку ў Мінскім абласным судзе прызналі вінаватай у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» і асудзілі паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК да чатырох гадоў пазбаўлення волі і 600 базавых велічыняў штрафу (24 000 рублёў).
Артыкул 130: «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці ці розні». Абвінавачанні па гэтым артыкуле падаваліся за выказванні ці дзеянні, якія прадстаўнікі ўлады лічылі скіраванымі на распальванне сацыяльнай варажнечы.
У 2025 годзе паводле ч. 1 арт. 130 КК была асуджана б’юці-майстарка Настасся Тыдыкава (Садоўнікава). Хутчэй за ўсё, ёй прысудзілі «хімію» з накіраваннем ці калонію, бо ў спісе экстрэмістаў яна пазначаная як чалавек, які «адбывае пакаранне». Настассі 34 гады, яна родам з Беразіно. Калі верыць інфармацыі з сацсетак, скончыла факультэт спецыяльнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта. Дзяўчына замужам, мае дзіця. Мяркуючы па сацсетках, яна прынамсі да нядаўняга часу працавала ў сферы прыгажосці — займалася бровамі і вейкамі.
8 жніўня МУС абнавілі «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». Там з’явілася імя жыхаркі Мінска Надзеі Фафанавай. Згодна з інфармацыяй МУС, жанчыне 73 гады — у сярэдзіне жніўня ёй споўніцца 74. Яе асудзілі паводле ч. 1 арт. 368 КК («Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь»), ч. 1 арт. 130 КК. Які менавіта тэрмін прызначылі жанчыне — невядома. У спісе МУС пазначана, што яе «судзімасць не пагашана».
Артыкул 368: «Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».
Акрамя раней згаданых Алены Рудой і Надзеі Фафанавай, сёлета па гэтым артыкуле асудзілі за каментары 70-гадовую жанчыну з Гомеля. Сафію Бачурынскую затрымалі ў снежні 2024 года. А ў 2025 асудзілі па чатырох артыкулах — ч. 1 арт. 368 КК, ч. 2 арт. 367 КК («Паклёп у дачыненні да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь»), ч. 3 арт. 361-1 КК («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім»). Сутнасць абвінавачанняў невядомая, але выглядае, што справа ў каментарах у тэлеграме, піша «Наша Ніва». Акаўнт жанчыны быў не абаронены і цалкам адкрыты, таму сілавікам было нескладана яе ідэнтыфікаваць. Бачурынскай прысудзілі пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі і дадалі ў спіс «экстрэмістаў» МУС.
Сафія Бачурынская апошнія гады займалася сеткавым маркетынгам. Жанчына жыве актыўным жыццём. Яна любіць падарожжы і за апошнія гады пабывала ў некалькіх краінах ЕС і Украіне. Яшчэ адно хобі Сафіі — маляванне.