Ацэнкі харчавання ў беларускай жаночай папраўчай калоніі сярод былых зняволеных істотна адрозніваюцца. Для адных ежа ў мясцовай сталовай здаецца цалкам уежнай на фоне умоў у СІЗА і ІВC, для іншых — беднай, якая складаецца пераважна з простых вугляводаў і не разлічаная на доўгатэрміновую падтрымку здароўя.
Мы пагаварылі з праваабаронцай «Вясны», былой палітвязынкай Марфай Рабковай, а таксама з былымі палітвязынкамі Валерыяй (імя зменена) і Вольгай (імя зменена). Яны распавялі, як арганізавана харчаванне і з якімі побытавымі асаблівасцямі сутыкаюцца жанчыны ў ПК № 4 Гомеля.
Сталовая і змены ў меню
Праваабаронца Марфа Рабкова адзначае, што якасць ежы ў калоніі заўважна вышэйшая у параўнанні з ізалятарамі часовага ўтрымання ці следчымі ізалятарамі (напрыклад, «Валадаркай»). Супы апісваюцца як акуратна прыгатаваныя, а агульны ўзровень харчавання характарызуецца як адэкватны для месцаў пазбаўлення волі.

Марфа Рабкова. Фота: Макс Моррыссан
«Калі я прыехала ў калонію, я вельмі добра памятаю свой першы абед… я была ў захапленні, таму што я ўбачыла чысты суп, і ў мяне былі вельмі добрыя ўражанні. Насамрэч, проста гэта пытанне параўнання», — узгадвае Марфа.
Па назіраннях былых вязынак, якасць і нормы харчавання палепшыліся ў 2021 годзе (новыя дзяржаўныя нормы харчавання для выпраўленчых устаноў былі зацверджаны пастановай Савета Міністраў № 169 ад 25 сакавіка 2021 года), што самі зняволеныя звязвалі з масавым прыбыццём асуджаных па палітычных артыкулах (так званая «10-я катэгорыя»). У гэты перыяд былі павышаны дзяржаўныя нормы суадносін бялкоў і вугляводаў, пад якія адміністрацыя распрацавала абноўленае меню.
Прыём ежы арганізаваны за столам на 10 чалавек пад кантролем адказнага дзяжурнага. Пры гэтым порцыі найбольш запатрабаваных страў абмежаваныя, тады як гарніры з простых крупаў (перлоўка, гарох, грэчка, аўсянка, рыс) прадастаўляюцца ў дастатковай колькасці. Выносіць хлеб са сталовай катэгарычна забаронена ўнутранымі правіламі.
«Канешне, часам [узнікалі] пытанні з колькасцю ежы, асабліва калі гэта нейкая смачная ежа, яе заўсёды неяк было мала, а нейкіх каш там звычайных іх было шмат», — распавядае Марфа Рабкова.
«Харчаванне? Усё вугляводы і ўсё простае. Самая танная перлоўка, гарох, грэчка, аўсянка. Адзін раз грэчка і два разы рыс», — узгадвае Вольга.
«У прынцыпе гэта ежа, на якой можна жыць. Так, не сказаць, што яна паўнавартасная, вітамінная. Але прынамсі ў параўнанні з тым, што было, як распавядаюць “старычкі”, зараз ежа значна лепшая. І яна ядомая агулам», — кажа Валерыя.
Асаблівасці турэмнай крамы
Набыццё дадатковых прадуктаў у мясцовай краме абмежавана фінансавымі магчымасцямі. Праз невысокія заробкі на вытворчасці (якія пасля адлічэнняў па пазовах могуць складаць ад некалькіх капеек да пары рублёў на месяц) пакупкі даступныя далёка не усім.
«Яблыкі былі, але яны маглі каштаваць вар’яцкія грошы. Не ў кожнай магло хапаць на іх грошай», — кажа Вольга.
«Калі ты атрымліваеш за месяц адзін рубель, ты ідзеш з гэтым рублём у краму. І вельмі шмат разважаеш, што ж купіць за гэтыя сродкі? Ты выбіраеш, што табе купіць: цукерку ці яблык для таго, каб у цябе былі нейкія “вітаміны”. Гэта менавіта таму, што мозг хоча цукерку», – распавядае Марфа.
Асартымент крамы мае свае асаблівасці. Свежыя малочныя прадукты, гародніна і садавіна завозяцца раз на тыдзень і хутка раскупляюцца.
«Калі чалавек не еў, прабачце, год ёгурта ці тварагу, канешне, ён гэтага хоча», — лічыць Вольга.
Базавыя прадукты: У асобныя дні могуць адсутнічаць звыклыя пазіцыі, такія як звычайны хлеб ці сродкі гігіены. Бананы паступаюць у продаж крайне рэдка.
«Вось я лічыла статыстыку. За год мне пашанцавала адзін раз купіць бананы. Адзін адзіны раз былі бананы ў краме, і яны патрапілі на наш атрад», — кажа Вольга.
Дадатковы асартымент: Часам на паліцах з’яўляюцца рэдкія для такіх умоў тавары (манга, какосы, авакада, хумус), недаступныя па цане для большасці зняволеных.
«Напрыклад, было да смешнага часам, што ты прыходзіш у краму, там няма хлеба, няма туалетнай паперы, але ёсць какос, манга і авакада», — узгадвае Марфа.
Нармаваныя тавары: Продаж цукру абмежаваны 1 кг на месяц на чалавека. Праз сціплы бюджэт жанчыны, якія паляць, нярэдка аддаюць перавагу адмове ад цукру на карысць табачных вырабаў.
Пасылкі, сертыфікаты і ўмовы захавання
Для зняволеных, якія маюць падтрымку з волі, важную ролю адыгрываюць пасылкі (устаноўлены ліміт 50 кг раз на тры месяцы). Дзяліць належныя 50 кг на некалькі дробных пасылак цягам аднаго дазволенага перыяду нельга. Калі адправіць пасылку вагой 15 кг замест 50 кг, права на гэтую пасылку лічыцца цалкам рэалізаваным, а наступная будзе дазволена толькі па графіку. Каб максімізаваць пажыўную каштоўнасць, у пасылкі звычайна ўключаюць грэцкія арэхі, курагу, жытнія хлябцы і імбір у цукры. Прымаць пасылкі ад чужых асоб забаронена.
«Я проста аптымізавала ежу да такога стану (гаворка пра пасылкі — заўв.), каб атрымліваць штосьці паўнавартаснае. То бок у мяне было шмат арэхаў (у асноўным грэцкія), курага, хлябцы жытнія (тыпу сухарыкаў), шмат-шмат імбіру ў цукры. То бок усё сушанае, таму што яно лягчэйшае і яго можна больш напіхаць на гэтую перадачу ў 50 кг», — распавядае Валерыя.
Таксама сваякі могуць аплаціць падарункавы сертыфікат праз афіцыйны сайт крамы калоніі. Гэта дае магчымасць набыць тавары ў краме ў лік вагі перадачы, уключаючы пазіцыі, забароненыя да паштовай перасылкі (напрыклад, малочныя прадукты). Аднак рэалізаваць буйны сертыфікат за адведзеныя на гэта прыблізна тры дні бывае складана праз абмежаванасць асартыменту на паліцах.

Скрыншот падарункавых сертыфікатаў у інтэрнэт-краме ПК №4
Асобнае пытанне тычыцца захоўвання прадуктаў. На атрад колькасцю каля 100 чалавек прадугледжана толькі два халадзільнікі, якімі карыстаюцца прыблізна 60 чалавек. Для рацыянальнага размеркавання месца зняволеныя самастойна ўводзяць ліміты (напрыклад, не больш за два ёгурты на чалавека).
«Калі ты знаходзішся ў атрадзе, які “пабагацей”, там, канешне, нястача месца ў лядоўні. То бок ты можаш пайсці закупіць вельмі шмат малочкі, проста яе табе няма куды будзе змясціць. У некаторых атрадах гэта рэгулюецца. То бок яны дамаўляюцца паміж сабой, што мы купляем толькі два ёгурты. Таму што калі ўсе сто чалавек купяць па пяць бутэлек ёгурта, іх проста фізічна немагчыма там захоўваць», — кажа Марфа.
Правілы наведвання крамы і забароны
Парадак наведвання крамы рэгламентаваны адміністрацыяй калоніі. У прыватнасці, асуджаныя па палітычных артыкулах («10-я катэгорыя») нярэдка адпраўляюцца на пакупкі ў апошнюю чаргу, калі выбар абмежаваны, а свабодныя месцы ў халадзільніках ужо занятыя. У такіх выпадках набытыя хуткапсавальныя прадукты даводзіцца спажываць адразу альбо захоўваць пры пакаёвай тэмпературы.
Па словах праваабаронцы Марфы Рабковай, прадукты з пасылак захоўваюцца ў спецыяльных памяшканнях (капцёрках) у кардонных каробках. На захоўванне свежай садавіны могуць накладвацца абмежаванні па часе: так, атрыманыя 20 кг яблыкаў і цытрусавых часам патрабуецца ўжыць цягам трох дзён. Оператыўныя супрацоўнікі выкарыстоўваюць правілы захоўвання як інструмент псіхалагічнага ціску. Аператыўнік мог прынцыпова трымаць дадатковыя ячэйкі ў капцёрцы пустымі, забараняючы зняволеным складаць туды прадукты.
Правілы ўнутранага распарадку таксама строга забараняюць перадачу прадуктаў паміж зняволенымі (гэта называецца «адчужэнне і прысваенне»). За парушэнне гэтага патрабавання прадугледжаны дысцыплінарныя рапарты, што выключае магчымасць афіцыйнай падтрымкі тых, хто не атрымлівае перадач з волі.