За што судзілі палітзняволеных жанчын у Беларусі ў 2024 годзе?

У 2024 годзе ў Беларусі назіралася значнае павелічэнне колькасці жанчын, якія падвергліся крымінальнаму пераследу па палітычна матываваных абвінавачаннях. Паводле дадзеных Праваабарончага цэнтра «Вясна», з больш, чым 1 700 чалавек, асуджаных па такіх справах, 480 – жанчыны.

Найчасцей у дачыненні да жанчын у 2024 годзе прымяняліся наступныя артыкулы Крымінальнага кодэксу:

Артыкул 342:  «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Гэты артыкул часта выкарыстоўваўся для пераследу ўдзельніц мірных пратэстаў і дэманстрацый.

Напрыклад, у 2024 годзе паводле ч. 1 арт. 342 КК была асуджана Грэта Далінкевіч (Максімава). Дакладны вынік невядомы, бо суд быў закрытым. Аднак 19 красавіка 2024 года Грэта была ўнесена ў пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.

У жанчыны ёсць два непаўналетнія дзіцяці. Вядома, што ў 2021 годзе яна пераехала ў Калінінград да мужа Яўгена Далінкевіча, які ўладкаваўся там на працу спартовым масажыстам. Але потым яны рассталіся, і Грэта пераехала ў Менск. Губапаўцы паведамляюць, што іх папярэдзілі аб вяртанні дзяўчыны праз бота, але нічым гэта не пацвярджаюць. На праўладным відэа дзяўчына прамаўляе, што яна ўдзельнічала ў пратэстах, а таксама нібыта курыравала дваровы чат «Несцерка». Гэта чат дома па вуліцы Багдановіча, 78, дзе калісьці была знакамітая крама «Несцерка».

Артыкул 367: «Паклёп у дачыненні да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Такі артыкул ужываўся да тых, хто выказваў крытыку ці пашыраў інфармацыю, якую прадстаўнікі ўлады лічылі ганебнай у дачыненні да гонару і годнасці гэтай асобы.

У 2024 годзе паводле ч. 2 арт. 367 КК была асуджаная Наталля Сцёпіна. Ёй прысудзілі 2 гады ў калоніі агульнага рэжыму. 23 жніўня 2024 года Наталля была ўнесена ў пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці. Жанчына адбывала тэрмін у ПК № 4, а 20 лістапада 2024 выйшла на волю па памілаванні.

Артыкул 130: «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці ці розні». Абвінавачанні па гэтым артыкуле падаваліся за выказванні ці дзеянні, якія прадстаўнікі ўлады лічылі скіраванымі на распальванне сацыяльнай варажнечы.

У 2024 годзе паводле ч. 2 арт. 367 КК і ч. 1 арт. 130 была асуджана Святлана Кароль. Ёй прысудзілі паўтара гады калоніі агульнага рэжыму.

Пенсіянерку і велаактывістку Святлану Кароль затрымлівалі ў 2020 годзе за ўдзел у акцыях пратэсту. З таго часу міліцыянты  ледзь не кожны месяц наведваліся да яе з так званымі «прафілактычнымі» гутаркамі. 20 верасня 2023 году стала вядома, што яна знаходзіцца ў ІЧУ Гомеля. Дома Святлану чакалі маці сталага веку і муж з анкалагічнай хваробай, якімі апякуецца жанчына. 7 чэрвеня 2024 года МУС дадаў яе у “спіс экстрэмістаў”. Восенню 2024 Святлана Кароль выйшла на волю. 

Артыкул 368: «Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».

У 2024 годзе паводле ч. 1 арт. 368 КК (Публічная абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) на адзін год і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму была асуджана Алена Дуброўская. Паводле версіі абвінавачвання, жанчына, выкарыстоўваючы мабільны тэлефон, пад постам з фатаграфіяй Аляксандра Лукашэнкі, апублікаваных у чаце, уключаным у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, размясціла каментар з негатыўнай ацэнкай асобы Лукашэнкі, які змяшчае ненарматыўную форму маўленчага выказвання. У судовым пасяджэнні Алена прызнала віну цалкам. 5 ліпеня 2024 года яна была ўнесена ў пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці. Адбывала тэрмін у ПК № 4. Выйшла на волю па памілаванні 20 лістапада 2024 г.

Артыкул 370: «Здзек з дзяржаўных сімвалаў». Гэты артыкул прадстаўнікі ўлады пачалі актыўна выкарыстоўваць пасля 2020 года. Часцей за ўсё па ім абвінавачваюць людзей, якія выяўляюць нязгоду з элементамі дзяржаўнай сімволікі.

У 2024 годзе паводле арт. 370 былі асуджаны Дар’я Заяц і Валерыя Драгун. Дзяўчынам прысудзілі па годзе пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Суд прайшоў у выязным пасяджэнні на базе юрыдычнага факультэта ГрДУ ім. Я.Купалы. У красавіку 2024 года 23-гадовыя палітзняволеныя Дар’я Заяц і Валерыя Драгун, наматаўшы на ручку ад швабры паперу і запаліўшы яе, падпалілі чырвона-зялёны сцяг. 

23 жніўня 2024 года дзяўчын дадалі ў пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці. Адбываць тэрмін Дар’ю і Валерыю адправілі ў ПК № 4.

Валерыя Драгун выйшла на волю па памілаванні 20 лістапада 2024.

Артыкул 203-1: «Незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных».

У 2024 годзе паводле ч. 3 арт. 203-1 КК на два з паловай гады абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ (“хіміі”) была асуджаная Таццяна Макарава. Таксама ёй прызначылі штраф у памеры 4000 рублёў (100 базавых велічыняў). Прыкметна, што пасяджэнне адбывалася не ў будынку суда, а ў Баранавіцкім машынабудаўнічым каледжы. Таццяну Макараву прызналі вінаватай у тым, што ў Facebook яна распаўсюдзіла інфармацыю пра персанальныя дадзеныя аперупаўнаважанага крымінальнага вышуку АУС Магілёўскага райвыканкаму. Жанчына прызнала віну.

У снежні 2023 года Таццяну двойчы судзілі ў Баранавіцкім судзе паводле арт. 19.11 КаАП (прычым другі раз судзілі па скайпе). Гэта вынікае з пастановаў баранавіцкага суда ў дачыненні да Т. Макаравай. Па тых адміністрацыйных справах жанчыне давалі 10 сутак арышту, штраф на 20 базавых (740 рублёў) і канфіскавалі тэлефон.

31 траўня 2024 Таццяну Макараву МУС унесла ў “спіс экстрэмістаў”, а 20 лістапада 2024 года жанчына выйшла на волю па памілаванн.

Артыкул 369: «Абраза прадстаўніка ўлады». 

Артыкул 364-1: «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».

У 2024 годзе за абразу Лукашэнкі (арт. 368 КК), абразу міліцыянта (арт. 369 КК), паклёп у дачыненні да Лукашэнкі (ч. 2 арт. 367), садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 арт. 361-4), арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342) судзілі пенсіянерку Ганну Стражэвіч. Ёй прысудзілі 4 гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, 550 базавых велічынь штрафу. Суд быў закрытым, таму падрабязнасці абвінавачванняў невядомыя. Вядома, што Ганна актыўна пісала лісты беларускім палітвязням. Меркавана, судзілі яе ў тым ліку за салідарнасць з палітвязнямі. Жанчына адбывае тэрмін у ПК № 4.

Ужыванне гэтых артыкулаў сведчыць пра імкненне рэжыму задушыць іншадумства і грамадзянскую актыўнасць у Беларусі. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі неаднаразова выказвалі занепакоенасць з нагоды такіх рэпрэсій і заклікалі да выканання правоў чалавека ў краіне.

Гэты інфармацыйны матэрыял створаны пры падтрымцы Belarus Beehive і Еўрапейскага Саюза.

Contact us

Fill in the form below or give us a call and we'll contact you. We endeavour to answer all enquiries within 24 hours on business days.